Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 4

Алексей Николаевич Якимович

— Яначка, не магу, дух займае, — загаласіла Алеся.

Ён сыкнуў на яе:

— Цярпі.

Усё. Здаецца, выратаваліся. Знаёмая сцяжынка. Яна на бераг выведзе.

— Алеся, яшчэ крышку. Вось і човен.

Янка штурхнуў Алесю ў плечы.

— Лезь.

Яна ступіла, упала на дно, знясіленая. Няхай. Няхай ляжыць. Так лепей. Што, калі з лукаў ці з арбалетаў пачнуць страляць?

Схапіў вясло, адпіхнуўся, стараючыся не плёснуць. Човен паслухмяна паплыў. «Вух», — вухнуў, жыруючы, шчупак.

На дапамогу

Янка саскочыў з чоўна, паклікаў Алесю:

— Вылазь.

А яна ляжыць, абхапіўшы галаву рукамі.

— Баюся крыжакоў.

— Вылазь. Яны на тым беразе.

Алеся ўсхапілася, вавёркай выскачыла з чоўна.

— Крыжакі… Яначка…

— У аеры нас не ўбачаць.

Сапраўды, аер густы, высокі. Тут і дарослы схаваецца. Калі па аеры прабірацца паўз бераг, то неўзабаве будзе грудок, за грудком — дрыгвяністае балота — пастка для таго, хто яго не ведае, а там — вёска, родная, свая, звыклая. Яна невялікая: усяго дзве вуліцы. Адна пачынаецца адразу ад рэчкі, на ўзгорку, а другая падыходзіць да лесу.

— У вёску пабяжым? — запытала Алеся.

Янка прамаўчаў. Ён і сам спярша хацеў бегчы ў вёску, расказаць пра ўсё, ды пасля перадумаў. Крыжакі праз Шчару не перабяруцца. Не ведаючы броду, не пасунуцца ў ваду. Самі патопяцца і коней загубяць. Дык чаго спяшацца? Мацей… Там Мацей. Што з ім? Што, калі высунецца? Як яго папярэдзіць, каб сядзеў у лазняку, каб носа не паказваў?

— Яначка, а калі хто-небудзь з нашых за раку паедзе? — прамовіла Алеся.

Праўду яна кажа. Не падумаў пра гэта. Крыжакі непадалёку, чакаюць. Быць бядзе…

— Алеся, бяжы ў вёску.

Алеся глянула на яго сваімі сінімі вачыма.

— А ты?

— Мацей там…

— Я з табой застануся.

— Бяжы. Людзям раскажаш.

— Баюся. Адна баюся.

— Чаго баяцца? Яны ж за ракою.

— Усё роўна баюся. Калі заплюшчу вочы, то здаецца, што крыжак даганяе. Сам вялізны, сцяг з Крывавай Рукой трымае.

— Алеся, трэба. Разумееш?

— Не! — Алеся сцялася ў камячок, а пасля ўсхліпнула: — Яны маю торбачку забяруць. Згубіла-а…

«Якія гады, такі і розум. Торбачку шкадуе. Радавалася б, што сама ўцякла», — падумаў Янка.

— Хадзем, — сказаў ён.

— Разам?

Янка незычліва буркнуў:

— Разам.

Яны моўчкі прабіраліся праз аер. Кружыліся, ляталі матылі, дзесьці, нябачныя, стракаталі стракозы, пераскаквалі з аерыны на аерыну конікі-скакуны.

— Калі б крыжакі да нас як госці прыйшлі, то мы прынялі б іх? — парушыла маўчанне Алеся.

Янка не зразумеў яе.

— Як прынялі б?

— Ну, як нашага Алексу мы прынялі. Сябра Алексу.

Янка ўздыхнуў. Сапраўды, прынялі. Алекса з мінулага лета ў Алесінай хаце жыве. Бяздомак ён. Напрадвесні ў вёску прыцягнуўся. Страшны, абарваны. Пасля ў вёсцы праведалі, што горад, у якім жыў Алекса, спалілі крыжакі. Адзін Алекса вырваўся, выратаваўся. Ён, Янка, нядаўна папрасіў Алексу: «Раскажы, як крыжакі твой горад ваявалі». А Алекса павярнуўся і пайшоў. Таго дня сказаў бацьку: «З Алексы слова не выцягнеш. Дзівак». Бацька ў адказ: «Не чапляйся да чалавека смаліцаю». Пасля пачуў ад бацькі, як крыжакі ваявалі горад, у якім жыў Алекса.