Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 57
Алексей Николаевич Якимович
— Мае рамяні з бычынай скуры, — патлумачыў Ясь. — Вазьму зараз некалькі і смалою залью, пасля вяроўчынамі пазвязваю: на верхнім — на канцы, а на ніжнім — пасярэдзіне. Так усе па парадку. Пасля на Белалобага адзену. Тут хітра прыдумана. Калі ніжнія рамяні нахіляюцца, верхнія паднімаюцца, як бы ўдвойваюцца ці ўтройваюцца. Нялёгка іх нават самым вострым мячом прасячы.
— Хто ж так хітра прыдумаў? — пацікавіўся Янка.
— Татарове. Прыйшлося з імі сустрэцца. Не аднаго ссадзіў з каня. І ім на нашай зямельцы хочацца ўсесціся.
Янку стала не па сабе. Што ж выходзіць? На іхняе Панямонне вось-вось не толькі крыжакі, але і татарове рынуцца? Што, калі ўкупе ці адзін за адным? Адну навалу нялёгка адбіць, а дзве запар… Лезуць, быццам тут мёдам намазана. Няўжо гэтая зямля салодкая, а тая, далёкая, горкая? Чаму на сваёй зямлі не жывуць мірна?
— Ясь, мы заўсёды-заўсёды будзем ваяваць? Заўсёды-заўсёды на нашу зямлю будуць лезці прыблуды? — запытаў ён.
Ясь апусціў галаву.
— Да чыстай крыніцы сцежка ўтоптана. Прыйдзецца ваяваць. Відаць, доля такая.
«Нешчаслівая, калі такая, — падумаў Янка. — У нешчаслівай кашулі, пэўна, нарадзіліся. Усё-ткі прыйдзецца ваяваць. Вядома, ён возьме меч у рукі, не пабаіцца. Але ж… Калі кніжку пра Яся, пра Алесю, пра Мацея напіша? Няўжо бацька, да сівых валасоў прыйдзецца ваяваць?.. Доля такая… Горкая доля… Кепская доля…
Літары, літары перад вачыма. Бягуць, што вяртлявыя чалавечкі, язык яму паказваюць, не даюцца ў рукі. Не даюцца… Доля такая…
Янка ўздыхнуў.
— Вось каб прыблудаў адзін раз і назаўжды прагнаць. Шчаслівыя былі б.
— Шчаслівыя, — рэхам адгукнуўся Ясь. — Калі тое будзе? Пакуль жа трэба і ў іх нечаму павучыцца.
— У каго павучыцца? У ворагаў? — здзівіўся Мацей.
— А чаму б і не?
— А якія яны, татарове?
— Хітрыя.
«І крыжакі хітрыя, і гэтыя хітрыя, — думаў Янка. — Усе ворагі хітрыя. Няхай дома, у сябе, хітравалі б. Не. Іншых карціць ашукаць».
— Хітрыя татарове, — працягваў Ясь. — Калі бачаць, што іх больш, то бы апантаныя скачуць, стараюцца ўсёю сілаю наваліцца, растаптаць. А калі заўважаць, што пароўну, то коней паварочваюць, нібыта адступаюць.
— Каб абмануць? — скумекаў Мацей.
— Каб абмануць. Прыпусцішся за імі, а з засады іншыя на цябе налятаюць. Вокам не паспееш міргнуць, як абкружаць. Без літасці знішчаюць. А яшчэ на такую хітрыку ідуць. Каб паказаць, што іх многа, робяць чучалы людзей, прывязваюць да коней. Альбо палонных між сваімі атрадамі пасылаюць.
— Я не пайшоў бы, — сказаў Мацей.
— Нікому не хочацца сваіх у зман зводзіць, — прамовіў Ясь. — Татарове палонных і на крэпасці пасылаюць. Прымушаюць, каб сцены разбівалі, каб равы вакол сцен засыпалі зямлёю, галлём.
Янка стараўся кожнае слова запомніць. Ён запомніць, назаўжды запомніць. Каб не трапіць у засаду, каб гнаць ліхадзеяў. Ён сустрэнецца з імі ў сечы.
— Татарове ў стэпах жывуць, — расказвае Ясь. — Стэп шырокі і роўны. Ніводнага дрэўца няма. І такі вялікі, што канца-краю не відаць. А вось хата, у якой жывуць татарове, называецца юртай. Яе яны робяць з дубцоў, якія ўверсе сыходзяцца, нібы маленькае кола. Пасля накрываюць белым лямцам. Юрты на буданы падобныя. Татарове іх ставяць на колы і вязуць на быках.