Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 56

Алексей Николаевич Якимович

— Ведаю, што чорна не чэрнена. Крумкач! — здагадаўся Янка.

— А што бела не белена?

Што ні загадка, то цяжэйшая. Палатно? Не. Яго ў рацэ мочаць, пасля па беразе сцелюць, каб пад сонцам адбельвалася. Іншы раз, калі глядзіш, то здаецца, што па беразе роўныя белыя дарожкі сцелюцца. Так і карціць прабегчыся!

— Хмары белы не белены, — перапыніў думкі Мацей.

— Хмары бываюць розныя, — не пагадзіўся Ясь. — Калі навальнічныя, то цёмныя.

— І гусі бываюць розныя. Шэрых шмат. Янка наморшчыў лоб. Гусі… Алеся сказала, што гусі. Канешне, не. А вось…

— Лебедзь, — вырвалася ў яго.

— Правільна, — сказаў Ясь. — А што цвіце без цвету?

— Папараць-кветка, — крыкнуў Янка.

— Ты ўсе сем загадак адгадаў,— прагаварыў Ясь.

Янка думаў, што Ясь зараз рознай зброі нанясе: і дзіду, і баявую сякеру, і суліцу, і лук са стрэламі, і кісцень. Скажа: «Выбірай, што даспадобы». Вядома, разбягуцца вочы. Ды ён возьме лук са стрэламі. Каб не падпусціць цётку з барадой, каб здалёку працяць. «Нясі. Хутчэй нясі», — карцела крыкнуць.

А Ясь сказаў:

— На кожную загадку ёсць адгадка. Зара, сонца, камень, вада, агонь, конь, дудка, крумкач, лебедзь, папараць-кветка, — вось якія былі адгадкі. Чаму такія? Не думалі? Усё гэта людзі лічылі найбольш важным. Пра гэта і песні, і паданні.

— Ты паабяцаў, што зброю дасі,— напомніў Мацей. — Нясі.

— Вечарам прыходзьце. Ці да вечара не вытрываеце?

— Вытрываем, — адказаў Янка.

Канешне, можна пачакаць. Ясь сваё слова стрымае.

Зноў з Ясем

Не вытрывалі яны да вечара. Мацей і Алеся да Янкі прычапіліся: «Хадзем да Яся. Хадзем». Нарэшце Янка махнуў рукою: «Хадзем, раз такія нецярпячкі». Калі шчыра прызнацца, то і самому рупіла.

Яшчэ здалёку пачулі яны Ясеву песню:

Ой, зелена, зелена траўка на мяжы. Таму ж яна зелена, бо ідуць дажджы.

Падышлі бліжэй. Каля хаты цяпельца гарыць, над цяпельцам чыгунок, Ясь побач, нейкія рамяні на зямлі раскладвае, спявае:

Ой, молада, молада ў мужа жана, Таму ж яна молада, што доля міла.

— Нешта варыць у чыгунку, — сказала Алеся.

— Сам варыць. Згаладаўся, — дадаў Мацей. Што ж убачылі, калі сунулі насы ў чыгунок? Варыва? Не. У чыгунку кіпела, булькала смала.

Янка пачухаў патыліцу. Дзіва. Сапраўднае дзіва. Навошта яна яму спатрэбілася?

А Ясь быццам не заўважае, што прыйшлі госці, спявае:

Ой, молада, молада ў мужа жана, Таму ж яна молада, што доля міла.

— Ясь, — паклікаў Мацей, — навошта гэтыя рамяні раскладваеш?

— Хачу Белалобага ад варожага мяча ўберагчы.

Янка анічога не разумеў. Белалобага хоча ад мяча ўберагчы… Хіба гэтымі рамянямі, шырынёю з далоню, уберажэш? Крыжакі сваіх коней у жалеза закоўваюць.