Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 55

Алексей Николаевич Якимович

— Дам. Толькі адгадайце сем загадак.

— І мне можна адгадваць? — запытаў Мацей.

— Можна.

— І мне? — запытала Алеся.

— Можна і табе.

Янка пачухаў патыліцу. Хітра прыдумаў Ясь. Выпрабаванне на сталасць… Што ж, няхай загадвае.

Ён выдыхнуў з грудзей паветра. Нібы ў ледзяную ваду збіраўся скокнуць.

— Загадвай.

— А што гарыць без полымя? — сказаў Ясь. «Што гарыць без полымя? Дровы? Не. Ад дроў вунь якое полымя. Што ж?»

Янка ўзняў вочы — кальнулі, асляпілі праменьчыкі сонца. «А што ж гарыць без полымя?» Зразумела.

Адкрыў рот, каб сказаць, ды Мацей апярэдзіў:

— Сонца.

Янка зірнуў на яго.

— Мог бы памаўчаць.

— Ясь сказаў, што і мне можна адгадваць.

Сапраўды, можна і яму, і Алесі. Няўжо зброя, з якою воі ў паход хадзілі, Мацею дастанецца? Ён жа кіне яе, як толькі цётку з барадой убачыць. Сонца гарыць без полымя. Сонца… А калі… Калі яшчэ не ўзышло яно? Тады таксама быццам агонь на небе. Неба блішчыць, зіхаціць.

— Ясь, зара гарыць без полымя.

— А што расце без кораня?

Без кораня… Без кораня… Дрэва? Дрэвы без карэнняў не растуць. Нават у травінак-былінак ёсць карэньчыкі. Кожная расліна, кожнае дрэва мае свой корань. Цяжкую загадку загадаў Ясь.

Без кораня… Вясною з бацькам былі на полі, збіралі камяні. Сказаў тады бацька: «Збіраеш, збіраеш, а ўсё з зямлі вылазяць, растуць». Няўжо камень расце без кораня?

— Камень, — няўпэўнена сказаў ён.

— Адгадаў. Малайчына, — пахваліў Ясь.

— Мне зброя не дастанецца, — уздыхнуў Мацей. — Я гэтую загадку не адгадаў.

— І мне не дастанецца, — прамовіла Алеся.

— Адгадвайце. Не след здавацца. А што бяжыць без повада?

Цяпер Янка адразу здагадаўся.

— Вада.

— А што плача без голасу?

Нялёгка адгадаць. Не дзіва, што тую дзяўчыну, пра якую расказвала Алеся, русалкі заказыталі. Што ж без голасу плача? Ёсць жа нешта такое… Круціцца ў галаве.

— Дудка, — сказала Алеся.

Але, дудка. Калі сумна іграе, то здаецца, што плача. Алеся магла б памаўчаць. Сам здагадаўся б. Усё роўна ёй зброя не дастанецца.

— Хто цябе за язык цягнуў? — у адчаі абурыўся Янка.

— Ясь сказаў, што і мне можна адгадваць. Бач, якія разумнікі! Не даходзіць, што ні ім, ні яму не дастанецца зброя, з якою воі ў паход хадзілі. Без яе не адолееш таго пярэваратня.

— Янка, не падай духам, — падбадзёрыў Ясь. — На гэтую загадку ёсць яшчэ адна адгадка. Шукай, дык знойдзеш.

Усё-ткі ёсць. Пакуль шанцуе. Добра, што гэтыя загадкі маюць па дзве адгадкі. Плача без голасу…

Плача… Без голасу. Калі плачуць, то і голас з грудзей вырываецца. Плача… Дудка без голасу плача. Хіба толькі дудка?

Прыгадалася, як мінулай зімою іхні конь лёд праламаў, праваліўся. Шчасце, што каля берага. Мужчыны яго вяроўкамі выцягвалі. Біўся, бедны, крышыў лёд грудзьмі, капытамі. Пасля, відаць, знямогся. Стаіць, а ў вачах слёзы. Ён, Янка, здзівіўся, у бацькі запытаў: «Чаму?» — «Сынок, плача наш конік», — сказаў бацька.

— Ясь, конь без голасу плача.

— Хутка маю зброю атрымаеш, — падахвоціў Ясь. — А што чорна не чэрнена?

— Ноч, — крыкнуў Мацей.

— Ноч цёмная, але не чорная, — не пагадзіўся з ім Ясь.

Не чэрнена… Чорна і не чэрнена. Цікавая загадка. Такую, каб і хацеў прыдумаць, то не прыдумаў бы. Чорна… Не чэрнена… Выходзіць, не ноч. Цікавая. З наскоку не адгадаеш. Што ж чорна не чэрнена? Гразь на балоце чорная. Няўжо гразь чорна не чэрнена? Не. Яна чорная, калі мокрая. А паляжыць на сонцы, высахне — не такой чорнай становіцца. Нават поле здаецца чорным, калі мокрае, асабліва вясною, калі першую баразну аруць. Першую баразну… Тады вароны, крумкачы з усёй ваколіцы злятаюцца.