Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 54
Алексей Николаевич Якимович
— Братка, я толькі на масток, а тут цётка з барадой. Убачыла мяне — і ўцякаць. Сёння ўцякла, а заўтра яна нас са свету звядзе.
— Звядзе, — кіўнула галавою Алеся. Янка паглядзеў на іх.
— Трэба нам зброю дастаць. Тую, якой воі ваявалі, з якой у паход хадзілі.
— Будзем з пярэваратнем ваяваць? — запытаў Мацей.
— Прыйдзецца. Бо нячыстую сілу можна перамагчы толькі той зброяй, з якой воі ў паход хадзілі.
— У таткі папытаем?
— Не дасць.
— Раскажам, што нас цётка з барадой палохае, — прамовіла Алеся.
Янка ўздыхнуў:
— Не паверыць.
— Не паверыць, — пагадзілася Алеся.
«Не вераць нам, — падумаў Янка. — Ніхто нам не верыць. А цётка з барадой, чаго добрага, вёску падпаліць. Тады, можа, павераць».
— Давайце ў Яся зброю папросім, — прапанаваў Мацей. — Ён дасць.
Янка ўзняў вочы.
— Хадзем. Папросім, можа, і дасць.
— А-а, гэта вы, — сказаў Ясь, калі ўбачыў іх.
— Ясь, дай нам зброю. Тую, з якою воі ў паход хадзілі,— адразу запатрабаваў Янка.
Думаў, што Ясь пачне распытвацца: «Чаму ды навошта?» Не.
— Такую зброю трэба заслужыць, — сказаў Ясь нечакана.
Вядома, ён, Янка, заслужыць. Ўсё-ўсё зробіць, каб заслужыць. І на самае высокае дрэва залезе, і праз самае багністае балота пройдзе. Няхай толькі загадае Ясь.
— Як заслужыць? Скажы.
— Трэба мае загадкі адгадаць.
«Вось дык прыдумаў Ясь! Відаць, пацяшаецца», — падумаў Янка.
— Ясь, не збыткуй з нас.
— Я не збыткую. Загадкі — не гульня, не забаўка. Загадкамі сталасць правяраецца. Не тады плаваць вучацца, калі вада ў рот плыве.
— Як правяраецца?
— Ёсць такі даўні звычай: дзяўчыне, якая замуж збіраецца, сем загадак задаюць. Трэба ж ведаць, на што здатная. На разумнай гаспадыні ўся хата трымаецца.
— Мне мама расказвала, — падала голас Алеся, — што адну дзяўчыну русалкі заказыталі. Сустрэлі каля ракі, абхапілі рукамі і не пускаюць. Дзяўчына ў слёзы: «Адпусціце мяне». Русалкі ёй кажуць: «Калі адгадаеш сем загадак, адпусцім». Не адгадала. Заказыталі, бедную.
Янка паціснуў плячыма. Ну і што? Ён не дзяўчына. Няхай дзяўчаты загадкі адгадваюць. А яму трэба навучыцца поле араць, дзідай валодаць і, канешне, літары пісаць, словы з іх складваць.
— Надакучыла пра гэтыя загадкі слухаць, — сказаў Янка.
— Будзь спярша выслухачом, а пасля паведачом, — папракнуў Ясь. — Да канца паслухай. Не ведаю, ці праўда, што так рабілася, але да маіх вушэй дайшло. Калісьці, кажуць людзі, нават палонных забівалі, калі тыя загадак не маглі адгадаць. А чужынцам-заваёўнікам, якія даніну бралі не толькі шкуркамі, мёдам, але і людзьмі, тых аддавалі, хто загадак не мог адгадаць.
Янка не думаў, што такое можа быць. Аддавалі чужынцам тых, хто загадак не мог адгадаць… Вось як! Разумнейшых шкадавалі аддаваць. Не збыткуе Ясь, не пацяшаецца. Не такі ён. Не.
— У некаторых народаў загадкі былі і як абрад ініцыяцыі,— паведаміў Ясь.
Янка не зразумеў.
— Гэта што?
— Выпрабаванне на сталасць. Адгадаў сем загадак — значыць, вырас, узмужнеў. На такога можна спадзявацца.
— Такому нават зброю можна даць?
— Вядома. У такога чалавека ёсць галава на плячах.
— А нам дасі, калі адгадаем?