Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 53

Алексей Николаевич Якимович

— Добра, палезу. Цяпер во…

— Пачакай, пачакай… У гарачай вадзе купаны. Спярша пчолак дымком супакоім. А пасля яны самі салодкі мядок аддадуць.

— Ой, пчала!.. Пчала!.. — нечакана закрычаў Мацей і пабег, махаючы рукамі. Потым гоп на траву! Сеў, скрыжаваўшы ногі, руку да вуха прыклаў.

— Уджаліла-такі… Алеся зайшлася смехам:

— Відаць, салодкае вуха ў цябе.

— Глядзі, каб твой нос не стаў салодкі,— прабубніў Мацей.

— Ой! — ойкнула Алеся. — Каля мяне кружыцца!..

— Не мітусіся, — прагаварыў Ясь. — Сядзьце далей, калі такія салодкія. Мы з Янкам за работу возьмемся.

Знайшлася ім работа. Нацягалі сухога галля, склалі стажком каля ліпы. Ясь ссек тонкую ялінку, ацерабіў, пакінуўшы старчакі, і вяршыняй аж да дупла прыставіў.

— Я дыму нараблю, — сказаў Ясь, — а ты, Янка, калі рой вылеціць, па ялінцы палезеш.

Цяпер Янка зусім не баяўся. Ён верыў Ясю, кожнаму ягонаму слову верыў.

— Янка, калі пчолы накінуцца, ты з ліпы нырцом у раку, — параіў Мацей.

Ясь падпаліў галлё. Угору пацягнуўся густы дым. Пчолы яшчэ мацней загулі. Ясь дастаў з торбы закурадымленую вопратку, захутаў у яе Янку з ног да галавы. Падаў скураны мяшок.

— Гляньце! Пчолы над ліпай! З дупла ўцякаюць! — ускочыў Мацей.

Ясь падштурхнуў Янку:

— Лезь. Зараз шчэ болей дыму нараблю. Павыкурваю. Не бойся.

Янка ўхапіўся за ялінку і, ступаючы па старчаках, палез. Не раз і не два ён лазіў на дрэвы. Нават вышэйшыя за гэтую ліпу. Але ж цяпер скураны мяшок пад пахаю, дым лезе ў вочы, слёзы цякуць з вачэй. Хутчэй. Трэба хутчэй. Відаць, крышачку засталося.

Намацаў вяршыню ялінкі, засунуў руку ў дупло, ухапіўся за ліпкія соты, выцягнуў, кінуў у скураны мяшок. Яшчэ, яшчэ… А дым сцелецца, свету не відаць, слёзы з вачэй цякуць. Нялёгка салодкі мядок дастаецца. Праўду казаў Ясь.

Здаецца, усё. Пустое дупло. Цяпер уніз. Але ж нешта ў рукаве трапечацца. Няўжо пчала?.. Што агнём, апякло руку. Усё-ткі пчала. Уджаліла, адпомсціла. Хоць адна. Хутчэй уніз.

Ён, часта-часта перабіраючы нагамі, спусціўся ўніз і адбегся як мага далей ад ліпы. Скінуў закурадымленую вопратку, закасаў рукаво кашулі. На руцэ чырванеў вялізны пухір.

— Во ўджаліла! — прагаварыў з гонарам.

— Вы гляньце на Яся! — пляснула рукамі Алеся. — У яго нос, што порхаўка!

Ясь пачухаў патыліцу.

— І калі мяне пчала за нос уцяла?

— Калі галлё паліў,— сказаў Янка. Ясь неспадзявана прамовіў:

— Быў на мяду, абліў мёдам бараду. Да пабачэння, хлопчыкі і дзяўчынка. На балота пайду. І так забавіўся.

— А мёд? — разгубіўся Янка.

— Мёд ваш. Бацькоў парадуеце.

— Мы ж разам…

— Пасля палудня вас чакаю. Мяшок прынясіце. А вогнішча затушыце. Не след у лесе пакідаць, — сказаў Ясь і пачыкільгаў.

— Нават мёду не пакаштаваў,— прагаварыла Алеся.

— Добры ён, — дадаў Мацей.

Янка, Мацей і Алеся стаялі на беразе Шчары. А над ліпай гулі, кружыліся пчолы.

Абрад ініцыяцыі

Ну й наеліся яны ў гэты дзень хлеба з мёдам! Хлеб Алеся прынесла, той самы бохан, які сама спякла. Мацей вымазаў мёдам і твар, і рукі. Пабег на масток, каб у крынічцы памыцца. Аж бачыць Янка: назад ляціць. З твару на сябе непадобны.