Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 51
Алексей Николаевич Якимович
— Дзяўчаткі прыехалі! — перапыніў думкі Ясь. Сапраўды, прыехалі, каменне прывезлі, сталі на зямлю скідаць. І Паўлінка сярод іх. Тоўстая каса аж да пояса спускаецца, вочы, як і ў Алесі, сінія, што васількі. Пазірае на Яся, усміхаецца. Відаць, не толькі яна Ясю даспадобы, але і ён ёй.
— Яська, чаму ты кульгаеш? — данеслася з гурту дзяўчат.
Ясь рот адкрыў, каб адказаць, а нейкая з дзяўчат звонкім голасам, са смехам падцэліла:
— Яму Паўлінка нагу перабіла. Увесь дзявочы гурт выбухнуў смехам.
А нехта з хлопцаў (Янка не заўважыў хто) як ліне вадой з берасценя на іхні гурт! Закрычалі, запішчалі дзяўчаты, ускочылі на воз і давай паганяць каня:
— Но! Но!..
А неўзабаве здалёку данеслася песня:
— Хораша спяваюць, — сказала Алеся.
— І хлопцы не горай, — прамовіў Мацей. — Янка, скажы.
Янка на ўсе вочы глядзеў на гаманлівы люд. «Спорыцца работа, — думаў ён. — Шмат летаў прабяжыць, а гэтыя камяні застануцца. Цікава: ці падумае хто, чаму яны тут ляжаць? Ці будуць ведаць, хто масціў? Ці праведаюць, як спявалі, як жартавалі, як талакой працавалі? Няўжо быллём парасце? Напішу пра гэта. І маё імя няхай помняць».
На другі дзень Янка, Мацей і Алеся стаялі на вуліцы і ўспаміналі ўчарашняе.
— Наша Паўлінка прыгажэй за ўсіх спявала, — пахвалілася Алеся.
— А я працаваў лепей за ўсіх, — ні з таго ні з сяго сказаў Мацей.
Янка паківаў галавою. Лявоніха сама сябе хваліць. Можна падумаць, што без яго брод не вымасцілі б.
— Ты з камянямі барукаўся, — пажартаваў ён. — Паднімеш кругляк угору, а ён цябе ўніз цягне. Мацей аж падскочыў.
— Ды я… Ведаеш, які вялікі камень я падніму? Янка перапыніў яго:
— Чаго скачаш, як певень на сваім сметніку? Мацей зачмыхаў носам.
— Я — певень? Я — не працаваў?
«Зараз надзьмецца, — падумаў Янка. — Трэба выбачыць».
— Працаваў, Мацейка. Добра працаваў. Але ж лепшы работнік — Ясь. Ён камяні, што яблыкі, кідаў.
Расцвіў Мацей.
— І Ясь добры работнік, — пагадзіўся ён.
А Ясь лёгкі на ўспамін. Тут як тут. Чыкільгае па вуліцы. У адной руцэ торбачка, сякера, у другой — скураны мяшок.
— Куды гэта ты? — забыўся пра ўсё Мацей. Ясь хітра прыжмурыўся.
— А калі не скажу?
— Не адчэпімся, пакуль не скажаш.
— Па мёд іду. Каля Шчары ёсць старая ліпа. У яе дупле пчолы вядуцца. Дастану соты з мёдам — і ў мяшок.
У вёсцы — Янка гэта добра ведаў — здавён збіралі мёд, бортніцтвам займаліся. На стаўках — старых разлапістых соснах — ставілі вуллі, чакалі, калі які-небудзь рой у такі вулей прыб'ецца. Бывала, што інакш рабілі. Выдзеўбуць у дрэве долатам борці, лётвы прыладзяць — ёсць стаяк — каранёк для залётнага рою. А некаторыя, як Ясь, шукалі дуплістае дрэва, у якім вяліся дзікія пчолы.
— Ясь, вазьмі нас з сабою, — папрасіў Янка.
— Пастку там не паставіце? Янка пачырванеў.
— Незнарок выйшла. Не хацелі мы, каб ты ў пастку трапіў.
— Што з вас возьмеш? Кожны па часе розум мае. Хадзем. Толькі каб пасля не плакалі. Пчолы не хочуць свой мядок аддаваць.