Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 49

Алексей Николаевич Якимович

Ён высунуў галаву і ўбачыў… Яся. Ясь сядзеў на траве, трымаючы ў руках пастку, і стагнаў.

Вось дык неспадзеўка! Ставілі пастку на цётку з барадой, а трапіў у яе Ясь. Чаго ж яго панесла сюды?

— З барадой? — зашаптаў ззаду Мацей.

— Без барады, — гучна прамовіў Янка. Ясь аж падскочыў.

— Ой, Яначка! Напалохаў горш за крыжака. Янка, павярнуўшыся, сказаў:

— Вылазьце. Ясь у пастку трапіў.

Мацей і Алеся высунуліся з кустоў. Раты пара- скрывалі.

— Во-ох!.. — скрывіўшыся, застагнаў Ясь. — Добра, што сёння боты абуў, а то без ног застаўся б.

Толькі цяпер Янка заўважыў, што на нагах у Яся боты. Не часта ён іх абувае. Казаў, што сам князь падарыў. Канешне, пашчасціла, што абуў.

— Які гэта дурань тут пастку паставіў? — ўсклікнуў Ясь.

— Мы, — прагаварыў Мацей. — Хацелі цётку з барадой злавіць.

— Хацелі, хацелі… А я хацеў сёння з Паўлінкай сустрэцца. Боты абуў. Эх, вы! — кінуў папрок Ясь і, трымаючыся за нагу, пачыкільгаў па сцежцы.

— І ён не паверыў,— сказала Алеся.

«Не паверыў,— падумаў Янка. — Ніхто нам не верыць».

Талака

З самага ранку на Шчару пацягнуліся людзі. Хто пеша, хто на возе. Гоман, смех. У канцы вёскі дык і песню завялі:

Ой, паехаў Ха лімон Рана поле араці. А забыўся Халімон Хлеба, солі ўзяці.

Янка і Мацей стаялі каля хаты і вачыма праводзілі людзей.

— Спяваюць, — сказаў Мацей.

Янка прамаўчаў. Спяваюць і яшчэ будуць спяваць. А ім цалюткі дзень у хаце сядзі. Ведаў бацька, як пакараць.

— Давай добра-добра папросім татку, каб узяў з сабою, — прапанаваў Мацей.

«Ды дарма. Бацька не адступіцца ад свайго слова», — падумаў Янка.

— Не трэба, — адказаў брату.

— Алеся бяжыць, — тым часам усклікнуў Мацей.

Янка зірнуў. І праўда, бяжыць, пад пахай трымае штосьці, загорнутае ў ручнік. Падбегла, запыханая.

— Вы на рэчку не збіраецеся?

— Татка не пускае, — паскардзіўся Мацей. — Злуе. За той хлеб, што для падарожнага.

— А я нешта яму прынесла, — пахвалілася Алеся.

— Што ты прынесла? — паціху запытаў Янка. Ззаду пачулася, быццам рэха:

— Што ж ты прынесла?

Янка азірнуўся — бацька. І маці каля яго стаіць. Алеся разгарнула ручнік, і ўсе ўбачылі круглы бохан, падобны на каравай.

— Хлеб прынесла. Сама пякла. Мама крышку дапамагла.

У бацькі прыўзняліся бровы.

— Гэта нам?

— У вас жа няма хлеба для падарожнага.

У Янкі так і часаліся рукі, каб за касу яе пацягнуць. Распускае язык. Хутка пра гэта погаласка пойдзе па ўсёй вёсцы.

— Вазьміце. Хлеб удаўся. Мяне мама пахваліла.

Янка ўбачыў, як пачырванела маці. Яе шчокі што агнём апякло. А бацька… Бацька, як і тады, у хаце, нібы паменшаў, паблажэў.

— Бярыце, — працягнула бохан Алеся.

— Мы ўчора спяклі. Ёсць на нашым стале хлеб, — нейкім не сваім голасам сказала маці.

Бацька ўзяў Алесю за плячо.

— Вось што, дзіця. Хлеб дамоў нясі. Нясі, пакуль я не ўзлаваўся. Ён і ў вашай хаце не лішні.

— Не злуйцеся. Пусціце Янку і Мацея на рэчку.

Нарэшце Янка здагадаўся, чаму Алеся хлеб прынесла. Для іх стараецца. А хацеў за касу…