Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 48

Алексей Николаевич Якимович

— Звядзе нас са свету гэтая цётка з барадой, — уздыхнуў Мацей.

Янку стала шкада брата. Трымціць, што асінка. Хутка носа з хаты не высуне. З хаты… Але ж і ў хаце страшна.

— Мацей, не бойся, — сказаў Янка. — Мы на яе пастку паставім.

У Мацея задрыжэла ніжняя губа.

— П-паставім… А пасля… Пасля што?

Да Янкі падскочыла Алеся, расставіла рукі.

— Яначка, не ідзі. Яна ўчарэпіцца кіпцюрамі і… Янка перапыніў яе:

— Мы здалёку падзівімся, як цётка з барадой пачыкільгае з пасткай у лес. Болей у вёску не сунецца. І дзесятаму закажа.

— Здалёку можна падзівіцца, — пагадзіўся Мацей. — Дзе паставім пастку?

— Каля мастка, на сцяжынцы. Думаю, што яна і сёння на наш агарод прысунецца.

Як гаворыцца, адклад не йдзе ў лад. Неўзабаве яны былі каля мастка.

— Яначка, можа, не трэба? — паспрабавала запярэчыць Алеся. — Калі цётка з барадой трапіць у пастку, то на ўсю ваколіцу енку наробіць. І мы страху набярэмся.

— Вушы затулі,— параіў ёй Мацей.

«Бач, як пасмялеў,— падумаў Янка. — Нядаўна тросся, а цяпер герой, пеўнем скача».

— Зловім. Братка, пастку ў ямку пастаў.

— Травы нарвіце, — загадаў Янка.

Мацей і Алеся, укленчыўшы, сталі рваць траву.

— Хопіць, — спыніў іх Янка. — Людзі падумаюць, што каровы скубліся.

Ён прыладзіў пастку ў ямку, зверху накрыў травою. Адышоўся, паглядзеў.

— Хадзем на агарод. У разоры схаваемся. Яны ляглі ў разоры, затаіліся. Шэры паўзмрок туманам наплываў з балота.

«Добра цяпер у хаце, — падумаў Янка. — А цётка з барадой і ноччу ў балоце сядзіць. Як яна церпіць? Хіба яна каменная?»

— Янка, — заварушыўся Мацей, — што будзе, калі ў пастку трапіць вялікая галава на павучыных ножках?

— Без ножак застанецца, бо пераб'е. Яны ў яе тонкія, — сказала Алеся.

— Хм, — хмыкнуў Мацей. — Пераб'е… Як тады ў сваё балота заклыпае?

— Пакоціцца. Як гарбуз, калі з гары пусціць. Янка здрыгануўся. Менцяць языкамі. Зараз пачнуць пра крывасмока з зялёнымі вачыма. Што гэта найшло на іх?

— Вялікая галава на павучыных ножках вечарам з балота вылазіць, — прагаварыў Мацей.

— Тс-с, — прыклала палец да вуснаў Алеся. — На мастку нешта стукнула.

— Табе здалося, — не паверыў Янка.

Алеся адкрыла рот, каб зноў нешта сказаць, ды з-за кустоў, якраз адтуль, дзе паставілі пастку, данёсся стогн:

— Ы-ы-ы…

— Цётка з барадой у пастку трапіла, — вырвалася ў Мацея.

Янка і без яго зразумеў, што трапіла. Проста так стагнаць яна не будзе. Хочацца хоць адным вокам глянуць на яе. Трэба было пастку перад кустамі паставіць. Што ж рабіць? А калі падпаўзці і з-за куста пацікаваць?

— Ы-ы-ы… — данеслася гучней.

— Зараз залямантуе, — сказаў Мацей. — Уцякайма!..

— Уцякайма, — падтрымала яго Алеся. Няўжо і ён, Янка, такі ж баязлівец? Не. Ён не

ўцячэ. Хоць адным вокам зірне.

— Ляжыце і не высоўвайцеся, — прашаптаў ён. — Я туды падпаўзу.

— Не прычыкільгае. Чуеш, як стогне?

— Ы-ы-ы… — неслася ад мастка.

Янка папоўз, спрытна, што яшчарка. Нават галаву не ўзнімаў. Прыпыніўшыся, заўважыў, што Мацей і Алеся таксама паўзуць за ім. Вось і кусты. Янка ўстаў, прыгнуўся. А цётка з барадой стогне што апантаная:

— Ы-ы-ы… Ы-ы-ы…

Як жа галаву з кустоў высунуць? Страшна. Што, калі яна схопіць? Страшна? А на вайне Ясю, бацьку, іншым воям не страшна? Да ўсяго трэба прывыкнуць.