Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 46

Алексей Николаевич Якимович

Ён бокам, бокам — да яе. А яна прытуліла яго да сябе.

— І я хачу, — прамовіў Мацей.

— Хадзі, Мацейка. Хадзі.

Янка прыхінуўся, як калісьці. Б'ецца ў маміных грудзях камячок — жыццё яе. «Тук-тук, тук-тук», — моцна б'ецца, нібы вырвацца стараецца.

— Э-эх! — уздыхнуў бацька і ўзяўся за клямку.

— Куды ты? — запытала маці.

— Галодны й кія не баіцца, — прамовіў бацька. Янку здалося, што на яго вачах бліснулі слёзы.

Відаць, так, бо змахнуў рукавом.

— Татка, не бядуй, — азваўся Мацей. — Мамка карову падоіць, і мы малака нап'ёмся.

— Куды ты? — зноў запытала маці ў бацькі.

— Чакайце. Хутка вярнуся. — Бацька адчыніў дзверы і выйшаў з хаты.

«Дараваў,— падумаў Янка. — Свет спагадай трымаецца. Але як мне далей жыць?»

Аладкі

Бацька, як і абяцаў, вярнуўся хутка. Ён прынёс мукі і… кавалак мяса.

Маці аж рукамі пляснула.

— Дзе ж табе пашчасціла? Бацька ўсміхнуўся.

— Багаты ці будзем, а галодны не будзем!

— Мама, спячы аладкі,— узрадаваўся Мацей. — А мяса зварыш, абальеш аладкі шчолакам. Ведаеш, як смачна!

І Янка не стрымаўся, цмокнуў языком.

— Спячы. Ух і наямося-а!..

Маці пячэ аладкі на сухім капусным лісці. Пасля ўсе разам — у такі дзень ні Янка, ні Мацей ні на крок ад яе не адыходзяцца — абрываюць тое лісце, кладуць аладкі ў ражачку, абліваюць шчолакам, у якім варылася бараніна. Праўда, так толькі на вялікае свята бывае. Звычайна аладкі пякуць з арэхаў і жалудоў. Канешне, жалуды горкія. Каб не было гаркаты, маці выварвае іх, перацірае на муку і, змяшаўшы з арэхамі, пячэ.

Янка глянуў на бацьку. Радасны, усміхаецца. Здаецца, вось-вось у скокі пусціцца.

— Мама, аладак напячэш? — не церпіцца Мацею.

— Круцішся пад нагамі,— паўшчуваў бацька. — Вось нецярпячка.

— Есці хочацца.

— Напячэ маці аладак. Мукі хопіць і на аладкі, і на бохан хлеба для падарожнага.

Янка пачырванеў. Пячэ душу сорамам. Не падумалі, што бацьку прыйдзецца вачыма свяціць. Каб хоць не ўспамінаў болей. Цяжка слухаць гэта. Што на гарачым вуголлі стаіш.

— Заўтра будзем брод камянямі масціць, — прагаварыў бацька. — Князь загадаў.

— Чаму загадаў? — пацікавіўся Мацей.

— Нашы воі ў паход ходзяць? Ходзяць. Пераправа ім патрэбна. Усёй вёскай будуць брод масціць. Талакой.

— І я хачу, — узгарэўся Янка.

— І я! — аж падскочыў Мацей. Бацька нахмурыўся.

— Няма чаго. Дома пабудзеце.

— Усе на рэчку, а мы… — пачаў Мацей. Бацька стукнуў рукою па стале.

— Язык і кія дапытаецца.

Янка моўчкі сеў на лаву. Усё-ткі не дараваў бацька. А заўтра каля рэчкі ўся вёска збярэцца. Талакой выходзяць усе: ад малога да старога. Талакой заўжды весела. Песні, смех. А ім у хаце сядзець. Запытае нехта: «Дзе Янка? Дзе Мацей?» Буркне бацька: «Дома». Вядома, праўды ён не скажа. Сорамна. Але кожны скумекае, што неслухі. Што ж рабіць? Моцна-моцна папрасіць бацьку, каб узяў з сабою? Не дапаможа.

Ён змахнуў з вачэй здрадлівыя слязіны.

— Тата, у нас да гэтага брод камянямі масцілі?

— Ад твайго дзеда чуў, што тады масцілі, калі драўляны Пярун на беразе Шчары стаяў.

— Які Пярун? — не зразумеў Янка.

— Той, у якога людзі верылі, калі шмат-шмат бажкоў было.