Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 44
Алексей Николаевич Якимович
— Янка, яна нас са свету звядзе, — заплакаў Мацей.
Янка адчыніў дзверы. Што, калі тая цётка з барадой у сенцах стаіць, іхнюю размову слухае? Хітрая яна.
Зірнуў у адзін цёмны кут, у другі. Здаецца, нікога.
— Думаеш, што ў сенцах схавалася? — скумекаў Мацей.
— Ыгы.
— Няма?
— Няма.
— А ў каморцы? Можа, у каморцы сядзіць, наш хлеб есць, зубы скаліць?
— П-праверым.
Янка пераступіў праз парог. У грудзях сэрца моцна-моцна тахкае. Што ў птушкі, якую злавілі.
— І я з табою, — сказаў Мацей.
Янка з аглядкай накіраваўся ў каморку. Анікога ў каморцы. Толькі галодная мыш на кубельцы сядзіць, на іх пазірае. Сала шукала. Няма сала. Даўно няма.
Тупнуў нагою.
— Кыш!
Сядзіць, пазірае, хвастатая.
— Уцякайма, — пацягнуў за кашулю Мацей. — Цётка з барадой у мыш ператварылася. Гэта яна. З'ела бохан хлеба і ператварылася.
Няўжо ў маленькую мыш? Да чаго дайшло! Нават мышы трэба баяцца.
— Кыш!
Сядзіць, пазірае, што гаспадыня.
— Калі б мыш была сапраўдная, то ўцякла б. Гэта цётка з барадой. Яна… — пачаў Мацей, але не паспеў скончыць: у каморку стралой уляцеў іхні рыжы кот. Падскочыў, схапіў мыш, занёс у кут. Прыціснуў лапай, завурчэў.
Янка засмяяўся.
— Яшчэ аднаго такога васіліска просіць.
— Калі б быў васіліск, то кату не даўся б, — пасмялеў Мацей. — Правер на гарышчы. Што, калі цётка з барадой там заснула, наеўшыся?
— Праверым.
Цяпер Янка чамусьці не баяўся. Страх як рукою зняло. Кот смеласці прыбавіў, ці што?
Ён ступіў на драбіны, скочыў адным махам наверх.
— Яна там? — запытаў Мацей.
— Няма.
— Каго гэта там няма? — данеслася з сенцаў. Ад неспадзеўкі Янка ледзь не зваліўся. Азірнуўся — бацька і маці стаяць.
— Каго гэта там няма? — паўтарыў бацька.
— Мы цётку з барадой шукаем, — пахваліўся Мацей.
Бровы ў бацькі прыўзняліся.
— Каго-о?
— Яна бохан хлеба з'ела і соль забрала. Невядома, да чаго дагаварыўся б Мацей, калі б маці да Янкі не кінулася.
— Дзіцятка маё, чаго ж ты залез туды? Злезь, Яначка, злезь.
Маці сцягнула яго з драбінаў, абняла, павяла ў хату, паўтараючы:
— Дзіцятка маё! Дзіцятка маё!
Скінула з яго кашулю, пачала мацаць грудзі, спіну.
— Сыночак, не баліць? Ён толькі круціў галавою.
— Мамачка, не.
Якія ласкавыя, якія пяшчотныя ў маці рукі! Карціць моцна-моцна абняць яе за шыю, прытуліцца, як тады, калі на вясёлку глядзелі. Не, не прытулішся. Бацька сядзіць на лаве, пазірае з-пад броваў. Што скажа? Ці паспагадае?
— Сынок, напалохаўся?
І ён, як і маці, шкадуе. Не пракляне. Не. Каб толькі пасля сорамам не пякло, не выпякала душу, як калісьці княжычу Славуту.
— Татка, не баліць. Перастала. Зусім не баліць.
— Хлеб для падарожнага заўсёды ў нашай хаце на стале ляжаў. Што твой дзед сказаў бы, калі б цяпер жыў? — нечакана прамовіў бацька.
Маці мацней прытуліла яго, Янку, і сказала:
— Яначка, калі б твой дзед не выратаваў Яся, то невядома, што з табою сёння было б.