Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 28

Алексей Николаевич Якимович

— Як… Як тая вялікая галава на тонкіх ножках трымаецца?

— Неяк трымаецца, — развяла рукамі Алеся. — Яшчэ ёсць упыр з зялёнымі, што твань, вачыма.

Янка зноў скалануўся. Здаецца, павярніся і ўбачыш вялікую галаву на тонкіх павучыных ножках. Здаецца, кінецца, учэпіцца за нагу вялізнымі, што ад грабель, зубамі.

«І чаму я не перапыніў іх? — пашкадаваў Янка. — Распусцілі языкі».

— Не прыйдуць васілевіцкія, — завёў Мацей.

— Са злосці так яны сказалі,— пагадзілася з ім Алеся.

«І яе дапякло. Таксама душа ў пятах, — скеміў Янка. — Трэба ўцякаць, бо памлеем ад страху».

Толькі хацеў даць каманду, як на мастку гулка: «Туп, туп, туп…»

— Чулі? — запытаў ён.

— Ыгы, — ыгыкнула Алеся.

— Гэта цётка з барадой, — затросся Мацей. — Уцякайма.

— Васілевіцкія. Пачакаем.

Янка мацней сціснуў у руках кій. Хто ж тупацеў? Васілевіцкія ці цётка з барадой? Васілевіцкія… Хіба яны ноччу пасунуцца праз лес? Не. Чаму раней пра гэта не падумаў? Выходзіць, яна. І адкуль яе чорт прынёс? Васілевіцкія са злосці языком ляпнулі. Трэба ўцякаць, пакуль не позна…

Выбліснуў з-за хмары месяц. Постаць, здалося, незвычайна вялізная, прывідам вырасла на агародзе. Янка глянуў і жахнуўся. Яна. Тая самая. З барадой. Дастаяліся…

— Цётка з барадой! — залямантаваў Мацей. І Алеся за ім закрычала:

— Васіліск!

Цётка з барадой падскочыла, як знячэўку перапалоханы кот. і, прыгнуўшыся, дала лататы. Знікла, як у вадзе. «Туп, туп, туп», — неўзабаве пратупацела па мастку.

А яны стаялі аслупянелыя, сціскалі ў руках кіі.

— Бачылі? — першы ачомаўся Янка.

— Я табе што казаў? — усхліпнуў Мацей. Янка змахнуў з ілба халодны пот. Васіліск, а баіцца. Чаму? Чаму так? Розныя нячысцікі, ведаў ён, не вельмі баязлівыя. Іншы раз, як кажуць, смаліцаю да чалавека чэпяцца. Не ўцякаюць. Стараюцца з дарогі збіць, у карчы ці багну завесці. Няўжо гэты не такі, як ягоныя дружбакі? Чаму спалохаўся?

А калі… Калі ўсё-ткі васілевіцкія пераапрануліся? Знарок. Каб напалохаць. Спярша з кустоў высунуліся, напалохалі, пасля тады, калі ў яму ўваліўся. Напалохалі і выцягнулі. А цяпер… Не, не, не. Ноччу праз лес не пасунуліся б. Дый даўмецца да такога!..

— Уцякайма. Братка, уцякайма, — завёў Мацей. — Вернецца цётка з барадой.

— Уцякайма, — падтрымала Алеся.

Янка, каб хоць крышку падбадзёрыць іх, сказаў:

— Гэта васілевіцкія пераапранаюцца. Палохаюць нас.

— Пераапранаюцца? — прамовіў Мацей. — А дзе ж яны чорную бараду ўзялі? Думаеш, вырастае?

— Дома ўзялі. На Купалле нават у ведзьмакоў пераапранаюцца. Хіба не?

— Так, — нібыта пагадзіўся Мацей. — Але ж усё роўна страх!..

— У мяне і цяпер калені трасуцца, — прызналася Алеся.

— Пра цётку з барадой і дома не скажаш, — паціху прамовіў Мацей. — Татка пойдзе шукаць, а яна яго схопіць і ў балота пацягне.

— Пацягне, — усхліпнула Алеся.

— Не распускайце языкі,— папярэдзіў Янка. — Не будзем вёску баламуціць.

— Я сёння ўсю ноч не засну, — сказаў Мацей.

— Са мною ляжаш.

— Добра, братка. Алеся, а ты з Паўлінкай ляж.

— Паўлінка з Ясем гуляе, — сказала Алеся.

— Няўжо? — вырвалася ў Янкі.

Ой, здаецца, мая маці, Не тужу, не плачу, А як выйду на вуліцу, Сцежачкі не бачу,—