Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 26
Алексей Николаевич Якимович
— Вялікае. Глянеш — канца-краю не відаць. А вада такая салёная, што кашу можна варыць, ні шчопці солі ў гаршчок не ўкінуўшы.
— Там з крыжакамі ваявалі? — пацікавіўся Мацей.
— Ваявалі. Умеюць яны біцца. У іх ёсць і лучнікі, і конніца, і капейшчыкі. Сіла. А хітрыя, што лісы. Так і стараюцца вакол пальца абвесці. Бывае як? Малымі сіламі ўдараць у адным месцы. Князь са сваімі харугвамі туды. Яны ж, сабраўшыся ў кулак, у іншае месца б'юць, у безабароннае. Ды і мы не лыкам шытыя. Славяне мы. Добра іх нораў ведаем. Бачылі, як у балота загналі? Каб не загналі, то не адна маці заплакала б.
Ясь замаўчаў. Глядзіць кудысьці ўдалеч. Ці не тое далёкае салёнае Варажскае мора хоча ўбачыць?
— Ты дудачку ўжо зрабіў? — парушыла маўчанне Алеся.
Ясь паднёс да рота дудачку. Зайграла, заспявала дудачка. І здалося Янку, што расказвае яна пра слаўны славянскі народ, які не толькі мужна біўся.
— Ясь, як раней людзі жылі? Раней было шмат бажкоў? — запытаў, бо прыгадалася, як маці тварог ім выносіла, як шкадавала, што ў лес прагналі.
— Шмат. Былі заступнікі рода — Род і Рожаніца. Яшчэ людзі пакланяліся Перуну — богу грому, Велесу, які пра жывёлу клапаціўся. А ты чаму пра гэта пытаеш?
— Хочацца ведаць.
Ясь устаў, прытуліў яго да сябе.
— Пытайся, Яначка. Часцей пытайся. Ну, а калі вырасцеш, калі станеш у паходы хадзіць, то вечарам каля цяпельца шмат чаго наслухаешся. Падрастай. Хутчэй падрастай, Яначка.
— Я цяпер хачу ведаць.
— Забягайце да мяне. Пацешу. — Ясь падаў Алесі дудачку: — Трымай, перапёлачка.
Алеся ўзяла дудачку, сказала з гонарам:
— Я не перапёлачка, я дзяўчынка. Ясь засмяяўся звонка-звонка.
— Дзяўчынка, дзе твая Паўлінка?
— На балоце. З бацькам сена грабе. Ясь крутнуўся на адной назе.
— Пабягу. Да сустрэчы, хлопчыкі і дзяўчынка. Янка, уздыхнуўшы, прагаварыў:
— Ясь — смелы вой. А вы смелыя?
— Я смелы, — пахваліўся Мацей. А Алеся паціху прызналася:
— Я толькі крыжакоў і цёткі з барадой баюся.
— А васілевіцкіх хлопцаў ніхто з вас не баіцца?
— Яначка, ты біцца з імі сабраўся? — пацікавілася Алеся.
— Біцца мне не хацелася б, але на свае вушы чуў, як хваліліся, што сёння вечарам на нашым агародзе моркву парвуць. Трэба папільнаваць. Сцапаем як міленькіх. Хто са мною?
— Цётка з барадой не прысунецца? — запытаў Мацей.
Янка з пагардай зірнуў на яго.
— Настрашыў мех, дык і торба страшная?
— Я пайду. З табою пайду, — узахвоціўся Мацей.
— І я пайду, — сказала Алеся.
На агарод яны прыйшлі, узброіўшыся кіямі. Янка выбраў дубовы, важкі. Канешне, не васілевіцкіх баяліся. Антона і Макара можна было б і крыкам напалохаць. У чужым агародзе ніхто не стане біцца. У чужы агарод лезці, што зайцу пад кустом сядзець. А вось цётка з барадой… Хоць і не казалі ўголас, але цвіком сядзела ў галаве: «Што, калі яна прыпрэцца?»
Вечар, па-летняму цёплы, стаяў над вёскай. Пахла травамі, зёлкамі, на балоце крумкалі жабы, у кустах цёхкалі салаўі, а над самаю зямлёю, што прывіды-здані, праносіліся кажаны.
— Бач, як панёсся, — заўважыў Мацей. — Над самай галавой мільгануў.
— Нібы душа, — азвалася Алеся. Мацей, як відаць, не зразумеў.