Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 30
Алексей Николаевич Якимович
— Не.
— Яны лятаюць, як птушкі? — запытаў Мацей.
— Не. Іх можна ўбачыць. Зараз убачыце. Зараз…
Янка зразумеў, што Ясь нарэшце здагадаўся, як растлумачыць ім, што такое літары. Дый хіба магло быць інакш? Ён жа вой. Самых заядлых крыжакоў перамагае.
— Ясь, ты пакажаш нам літары? — усклікнуў Янка.
Так карцела хутчэй убачыць гэтыя дзіўныя літары! Нават крыжакоў на свае вочы бачыў, а літары чамусьці не.
— Пакажу. Пацярпіце. Не ўсё адразу.
Ясь узяў галінку, якая ляжала непадалёку, дастаў нож, завастрыў яе, нагамі ўтаптаў пясок. Яны ж вачэй з яго не зводзілі, нават дыханне затаілі.
— Пацярпіце. Трошкі пацярпіце.
Вострай галінкай Ясь вывеў на шэрым пяску тое, што, мабыць, да яго тут ніколі-ніколі не выводзілі.
— Бачыце?
— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей. Алеся заскакала на адной назе.
— І я так змагу. І я так змагу.
А Янка… Янка глядзеў і разважаў. Стаяць два слупкі, ад аднаго да другога зверху ўніз быццам жэрдку прыбілі. Навошта так?
— Ясь, гэта літара? — усё-ткі змікіціў ён.
— Літара, — неяк асабліва цёпла, як звычайна кажуць аб самым родным, аб самым блізкім, прагаварыў Ясь. — Яна называецца «наш».
— Чаму не ваш? — адкрыў рот Мацей. Ясь яму ў адказ:
— Чаму ты не Мікола, а Мацей? Мацей выгнуў колам грудзі.
— Я Мацей, бо мяне Мацеем назвалі.
— І гэтую літару назвалі «наш».
Янка слухаў Яся і вушам сваім не верыў. Выходзіць, не толькі людзям імёны даюць, але і гэтым дзіўным літарам.
— Яшчэ ёсць літары? — пацікавіўся ён.
— Ёсць.
Ясь зноў вывеў на пяску: К.
— Як гэтая літара называецца? — апярэдзіла ўсіх Алеся.
— «Како», — сказаў Ясь.
— Кака! — засмяялася Алеся.
— «Како», — паправіў яе Ясь і хуценька начарціў галінкай новую літару: б.
— Як яе імя? — падскочыла Алеся. Глядзіць на Яся, смяшынкі ў вачах чорцікамі скачуць.
— Букі. Алеся ў смех.
— Букі-вукі…
Мацей, зрабіўшы пальцамі рожкі, загудзеў:
— Бу-у-у… бу-у-у…
«Хто літары прыдумаў? Чаму ім імёны далі? — думаў Янка. — Імёны людзям даюць. Каб адклікаліся, калі завуць, каб ведалі, хто ў паход на ворага пайшоў, каб шанавалі тых, хто не вярнуўся. Чаму ж літарам даюць імёны? Яны ж не сеюць, не косяць, у паход не выпраўляюцца».
— Не даходзіць да мяне, — пачаў ён. — Чаму літарам імёны даюць?
— Літары — вялікая сіла, — сказаў Ясь. Янка з ім не пагадзіўся.
— Вялікая сіла — гэта войска.
— І літары як войска. Яны дружнае, моцнае войска, якое сваю зямлю праслаўляе.
Дзіўна гучыць. Хіба кінуцца літары ў бой сябе не шкадуючы, калі пазваць: «Наш, Како, Букі, на ворага, за мною?» Нешта не тое кажа Ясь.
— Як праслаўляюць?
Глядзіць Янка на Яся, чакае адказу. І Мацей з Алесяй чакаюць. Сціхлі, перасталі смяяцца. Як жа! Літары родную зямлю праслаўляюць. Выходзіць, ёсць у іх нейкая цудадзейная сіла. Сіла сапраўдных вояў.
— З літараў можна словы скласці,— сказаў Ясь. — А словамі шмат пра што напісаць. І пра чужыя землі, і пра паходы. Той, хто ведае, як называецца кожная літара, будзе глядзець і прачытае пра гэта. Я цяпер расказваю, вы вушы навастрылі, слухаеце. А на літары чалавек вачыма глядзіць, чытае. Толькі трэба помніць, як называюцца яны.
— На пяску не прачытаеш, — сказаў Янка. — Пройдзе дождж і змые.