Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 29
Алексей Николаевич Якимович
даляцела з-за вёскі.
— Ясь спявае, — з замілаваннем у голасе прамовіла Алеся.
Азіраючыся, яны падаліся з агарода.
У гэтую цёплую чэрвеньскую ноч, калі красавала, налівалася збажына, калі туман плыў над балотамі, над лугамі, над ракою, бадай, кожнаму з іх прысніліся: і вялізная галава на тонкіх павучыных ножках, і крывасмок з зялёнымі вачыма, і васіліск — цётка з барадой.
Праз сон Янка пачуў, як сказаў бацька, звяртаючыся да маці: «Трэба за раку ехаць, сена грабці. І гэтых жаўтароцікаў разбудзіў бы, ды зноў там пра крыжакоў успомняць. Лепей няхай дома пабудуць». — «Але, — пагадзілася маці.— І сёння ў сне кідаліся. Ніяк не забудуцца. У мяне і ў самой усе жылачкі трасуцца, як успомню».
Янка крыху расплюшчыў вочы. Спіць Мацей, прытуліўшыся да яго пляча, ціхенька сапе ў нос. Падмывае ўскочыць, папрасіцца, каб узяў бацька з сабою. Мінулае лета за ракою разам сена ў копы складвалі. Пасля, узімку, калі балота панцырам сціснула, калі рэчку лёдам закавала, на санях у хлеў яго вазілі.
Падмывае ўскочыць, але вочы заплюшчваюцца, заплюшчваюцца… Не, не… Не адарваць галавы ад падушкі. Заўтра папросіцца, заўтра…
Ён, абняўшы Мацея, заснуў.
Калі сонца паднялося над вёскай, калі ягоныя ўвішныя праменьчыкі прабіліся ў кожную шчылінку, калі, ласкава казычучы, дакрануліся да іхніх твараў, яны прачнуліся, пасёрбалі халоднага шчаўя, якое маці паставіла на прыпеку, і выскачылі на двор. Тут як тут Алеся — ранняя птушка. Ужо чакае іх.
— Мае за раку паехалі,— паведаміла.
— Алеся, ты не баішся? — запытаў Мацей. Алеся апусціла вочы.
— Баюся.
— А вы не бойцеся, — сказаў Янка. — Гэта васілевіцкія пераапрануліся.
Васілевіцкія… Каб так! І што гэта навалілася на іхнюю вёску? Спярша крыжакі, цяпер цётка з барадой… Усю работу людзям перапыніць. А летні дзень год корміць. І чаму ўчора кіем ёй не смальнуў? Аслупянелі…
— Яначка, ты думаеш, што гэта васілевіцкія? — падаў голас Мацей.
— Мне так здаецца.
— А калі зараз сходзім да васілевіцкіх і пра ўсё распытаемся? Не стануць прызнавацца — зловім каторага і адлупцуем.
Янка слухаў брата і дзіву даваўся. Учора скнарыўся, а сёння смяльчак. Відаць, нечая добрая душа, якая па свеце лятае, смеласці яму прыбавіла.
— Янка, хадзем.
Ці пайшлі б яны ў Васілевічы? Бадай, пайшлі б, калі б не Ясь. Выскачыў ён як з-пад зямлі.
— Прывітанне, хлопчыкі і дзяўчынка.
— Усе на балоце, а ты ў вёсцы? — не сцярпеў Янка.
— Я накасіўся. Ранняя птушка зубкі прачышчае, а позняя вочкі працірае. — Ясь падмаргнуў: — Пра азбуку чулі?
— Не. Што гэта? — звярнуўся да яго Мацей.
— Гэта… Як жа сказаць вам? А калі… Хочаце, я вам літары пакажу?
— А што такое літары? — пацікавілася Алеся.
— Літары — гэта крыжакі,— вырашыў паказаць сябе Мацей.
— Не, не, не. Літары — гэта літары.
— Літары — гэта літары? — разявіў рот Мацей. На лобе ў Яся выступілі кропелькі поту. Вельмі ж хацелася яму, каб дзеці раскумекалі, што такое літары.
— Літары можна рукою памацаць? Яны смачныя? — запытала Алеся.
Ясь скрывіўся, як з'еўшы горкага.