Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 27

Алексей Николаевич Якимович

— Якая душа?

— Душа памерлага. Калі чалавек памірае, то ягоная душа лятае па свеце. Яна можа быць падобнай на шарык, на апілку, нават на маленькага чалавечка.

— Мне Ясь расказваў, што бачыў маленькіх чалавечкаў. Зусім маленькіх. Ёсць і старыя, але маленькія. Як ты, Алеся, як я. Гэта што — душы?

— Не. Душа ўсіх бачыць, а яе ніхто.

Не даспадобы Янку, што такую гаворку завялі. Менцяць языкамі. Гэта не давядзе да дабра. І на яго, і на сябе страху нагоняць. Цемень… Перапыніць? Але ж і моўчкі стаяць не хочацца.

— Не толькі душа бачыць і чуе, але і памерлы, — старалася Алеся. — Калі скажаш пра яго што-небудзь кепскае, то будзе доўга помсціць.

— Няўжо памерлы чуе? — страпянуўся Мацей. Янка перацепнуў плячыма. Непрыемна гэткае слухаць. Быццам па дрыгвяністым балоце ідзеш. Замірае душа, сціскаецца сэрца… А Алеся балабоніць, не спыняецца:

— Душа лятае і робіць альбо кепскае, альбо добрае. Можа збіць з дарогі, завесці ў карчы, у балота.

— У балота? — здзівіўся Мацей.

«Зараз прыдумае што-небудзь, пачне дамоў прасіцца», — падумаў Янка. І праўда, прыдумаў.

— Братка, у мяне нага здзервянела. Стаю, а яна не разгінаецца. У хату пайду.

— Ха-ха-ха! — не стрымаўся, зарагатаў Янка. — Як заклыпаеш? Нага ж не згінаецца.

— Я на адной. Скок-скок… Другая згінаецца.

— Печанай рэпы наеўся б, — паўшчуваў Янка. — Не дрыжаў бы так.

Што ж, у іхняй вёсцы, ды і не толькі ў іхняй, заўжды лічылі, што печаная рэпа смеласці прыбаўляе. На кожным агародзе расце. Нават казку пра. яе прыдумалі. Як вырасла вялікая. Як цягнуў дзед — не выцягнуў. Як паклікаў бабку. Як бабка з дзедам не выцягнулі. Як паклікалі ўнучку. Як і з унучкай не выцягнулі. Як паклікалі Жучку. Як і з Жучкай не выцягнулі. А вось паклікалі мышку — і дапамагла, выцягнулі.

— Я не дрыжу, — пачаў апраўдвацца Мацей. — Алеся, душа толькі кепскае робіць?

— Добрае таксама. Можа адагнаць смутак, ляноту, страх. Можа нават зрабіць, каб каровы не хадзілі ў шкоду. Можа паказаць месцейка, дзе растуць баравікі, абабкі.

Янка ўспомніў, як мінулым летам натрапіў на абабкі — падбярозавікі. Не адзін ён грыбы збіраў. Шмат падшыванцаў сабралася. Абышлі і дубровы, і саснякі, і ельнікі — толькі мухаморы красуюцца. Ні баравікоў, ні краснагаловікаў, ні абабкаў. Што ж, суша. Ні кроплі дажджу не выпала. Дамоў сабраліся. А яму як шапнуў нехта: «У хвойнік заглянь». Хвойнік густы, галінкі амаль што не па самай зямлі сцелюцца. Залез — і вочы разбегліся. Куды ні глянь — абабкі. Дзіва, дый толькі. Ніколі тут яны не раслі. Пачаў рэзаць спяшаючыся. Хлопцы ходзяць вакол, гамоняць, а ён рэжа, ні на што не зважае. Калі пасля вылез, то хлопцы абступілі яго: «Дзе быў?» — «У хвойніку», — пахваліўся. Не паверылі. Дый сам не паверыў бы, калі б на свае вочы не ўбачыў. «Можа, гэта душа лятала, шапнула, добрае ёй захацелася зрабіць?» — цяпер падумалася.

— А праўда, што на балоце ёсць вялікая галава на павучыных ножках? — падаў голас Мацей.

— Ёсць, — сказала Алеся.

— Калі… Калі яе можна ўбачыць?

— Ноччу. Як моцна-моцна сцямнее. Яна ходзіць па балоце і крычыць: «Угу-угу-у…»