Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 25
Алексей Николаевич Якимович
— Алеся, не кажы бацьку. Ён пойдзе шукаць тую цётку з барадой, а яна яго за горла.
— Схопіць за горла?
— А як ты думала. Не кажы, калі бацьку шкадуеш. Гэтая брыда доўга ў нас не будзе. Ёй на адным месцы не сядзіцца.
Алеся зніякавела.
— Добра. Я нікому-нікому не скажу.
— Янка, цябе, мабыць, цётка з барадой з ямы выцягнула. Вось і заступаешся за яе, — раптам прамовіў Мацей.
Ну й дае брат! Такая выцягне. Так выцягне, што ногі выцягнеш.
— Мяне Антон і Макар выцягнулі. Васілевіцкія хлопцы. Цётка з барадой схавалася, калі іх убачыла. Нейкая баязлівая яна.
— Ясь ідзе! — усклікнуў Мацей.
— Ясь! Ясь! — узрадавалася Алеся.
— Пра цётку з барадой каб ні слова, — папярэдзіў іх Янка. — Не след вёску на ногі паднімаць.
— Угу, — угукнула Алеся.
— Памаўчу, — муркнуў Мацей. — Яна і нашага бацьку можа за горла схапіць.
«Карціць расказаць, — падумаў Янка. — У такога, як ён, жаба на языку не спячэцца».
— Алеся! — здалёку паклікаў Ясь. Зачырванелася Алеся. Як жа! Храбры вой Ясь не хлопцаў, а яе, дзяўчынку, кліча.
Падбегла да Яся, блакітныя вачаняты ўзняла.
— Чаго?
Ясь нагнуўся і нешта зашаптаў ёй на вуха. Цікава. Янка непрыкметна бачком, бачком — бліжэй да іх. Ды толькі апошнія словы пачуў:
— Алеська, добра? Алеся як зарагоча:
— Дудачку з бузіны зробіш?
— Зраблю. — Ясь вырваў бузіну, прысеў на пляскаты камень-валун (невядома, калі і хто яго сюды прыцягнуў), дастаў нож, пачаў майстраваць дудачку.
Мала таго. Песню завёў:
Янка пазайздросціў яму. Прыгожа спявае. Што ж, голас не пераймеш. А вось праведаць, пра што ён Алесі казаў, не шкодзіць.
— Алеся, што табе Ясь казаў? Алеся пырснула ў далоньку.
— Прасіў, каб сказала, дзе цяпер наша Паўлінка.
Усяго чакаў Янка. Толькі не гэтага. Самы храбры вой, і раптам пытаецца пра нейкую дзяўчыну! Хлусіць Алеся.
спявае, цешыцца Ясь.
— Алеся, навошта ваша Паўлінка яму спатрэбілася?
— Хм, — хмыкнула Алеся, — яна ж яму даспадобы. Ці ж не чулі, як раней казала?
Янка глянуў на Яся. Спявае, выводзіць:
— Алеся, мне не верыцца.
— Ну і не вер. Наша Паўлінка на балоце сена грабе. Не скажу Ясю, пакуль дудачку не зробіць.
Хутка ходзіць нож у Ясевых руках, журботна гучыць песня:
— Ясь, табе не раз даводзілася ваяваць? Так? — прагаварыў Мацей.
— Бывае на вяку сем лат на баку. Пакліча князь — і сядлаю коніка, — адказаў Ясь.
— Шмат дарог твой конік перамераў? — усё дапытваўся Мацей.
— Мне нават на Варажскае мора прыйшлося паглядзець, — сказаў Ясь.
— Якое яно, тое мора? — запытаў Янка.