Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 24

Алексей Николаевич Якимович

— Табе трэба халоднай вады напіцца, — сказаў Антон.

Янку нібы прарвала.

— Хлопцы… Хлопцы… Сяджу ў яме, галёкаю… І тут… Глядзіць на мяне цётка з барадой. Сама ў кашулі, на галаве хусцінка, а барада чорная, што смоль. Я крычу: «Дапамажыце». А яна… Ён… Гэта васіліск. Пярэварацень. Ён са звера ў чалавека ператварыўся. Зыркае на мяне вачыма. Вы ішлі, а ён пачуў і схаваўся. Уцякайма адгэтуль.

Антон узяўся за жывот.

— Ха-ха-ха… Навыдумляў!

— Я не выдумляю. Праўду кажу. Праўду…

— Чаго па лесе бадзяўся? Васіліска шукаў? — перапыніў Макар.

— Хацеў па вас каменьмі,— вырвалася само сабою.

Макар прыжмурыў вочы.

— Па нас?

Янка адвёў убок позірк. Прызнаўся дык прызнаўся. Вядома, спароў глупства.

— Па вас. Вашы мужчыны сказалі, што мы вашы агароды перарылі, моркву парвалі, а я падумаў, што твая і Антонава работа.

Янка намерваўся сказаць, што цяпер так блага не думае пра іх, бо ведае: моркву цётка з барадой парвала, усім ім на шкоду. Таму няма чаго злавацца. Ды Антон апярэдзіў яго.

— Мы ў сябе моркву станем рваць? Нясеш несусвеціцу.

— Хлопцы, я…

— Мы яго з ямы выцягнулі, а ён па нас каменьмі,— успыхнуў Антон. — Яшчэ і нейкую цётку з барадой прыплёў. Валіць шышкі. Макар, навучым яго, як на сабак брахаць?

— Хлопцы, я…

Антон штурхнуў у грудзі.

— Ідзі, пакуль мы добрыя.

— Я…

— Ідзі. Ідзі.

Янка паплёўся, апусціўшы рукавы. Не далі апраўдацца, нават слухаць не захацелі. Увёў у злосць.

— Сёння мы на твой агарод прыйдзем і ўсю моркву палатошым, — галёкнуў Антон.

Янка стаў.

— Не жартуеце? Антон патрос кулаком.

— Хопіць мянціць языком. Заўтра сам пабачыш.

Ясь і…

Каля хаты Янку сустрэлі Мацей і Алеся.

— Дзе ты быў? — кінуўся Мацей.

— Дзе? Дзе? — зашчабятала Алеся. Янка махнуў рукою.

— А-а, доўга расказваць. Дзе быў, там ужо няма.

Не хацелася вярэдзіць душу. Чым пахвалішся? Сказаць, што бачыў цётку з барадой? Упікнуць. Маўляў, не верыў нам. Расказаць, як у яму ўваліўся? Прыйдзецца і пра васілевіцкіх успомніць, а яны яго што крапівою высцебалі.

А Мацей не адступаецца.

— Яначка, дзе ты быў? Не цягні ката за хвост. І Алеся не лепшая за яго.

— Яначка, дзе?

Прычапіліся, што сляпні. Вось назолы! Відаць, заўважылі, што адгаворваецца, што як хмара.

— У лесе, — сказаў, каб толькі адчапіліся.

— У лесе? — вытрашчыў вочы Мацей.

— Цётку з барадой не сустрэў? — запытала Алеся.

— Я ў яму ўваліўся, — прызнаўся Янка. Няхай і ім будзе навукай.

Мацей вытрашчыў вочы.

— Цётка з барадой яе выкапала? Яна ўсіх дзяцей у яму ловіць? А як яна цябе адпусціла?

— Яму нехта з нашых мужчын на звера выкапаў. Я бег, не заўважыў…

— Уваліўся, а пасля прыйшла цётка з барадой? — здагадаўся Мацей.

— Прыйшла. Каб яе чорт у балота занёс. Сухой грудкай у мяне кінула. Васіліск гэта, пярэварацень.

— Я свайму бацьку пра яе раскажу, — прамовіла Алеся.

Янка паглядзеў на яе. Уся аж трымціць. Карціць ёй бацьку расказаць. А ці добра так будзе? Нядаўна людзі з крыжакамі ваявалі. Пачуюць пра гэтага васіліска — усё кінуць-рынуць. А цяпер жа самая работа. Сена косяць. Мінулае лета галодным выдалася. Зноў усю зіму галадаць? Лепей прамаўчаць. Васіліск крыху пабрындаецца і далей пасунецца. Прыйшоў жа ён аднекуль.