Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 23

Алексей Николаевич Якимович

Дык хто ж ішоў? Хто стаў? Няўжо пакрыўджаны людзьмі бажок? Нечага чакае. Мо ўсё-ткі выратуе? Не. Яго людзі ў лес прагналі. Такое не забываецца.

— Дапамажы-ы…

Крык абарваўся ў грудзях, засеў недзе ў горле. Над ямай, убачыў ён, схілілася… цётка з барадой. Барада, што сажа, бельмамі зыркае, як пякельны Цмок. Вось-вось агнём смалянуць. На галаве хусцінка… Тая… Гэта ж тая цётка, пра якую Алеся і Мацей казалі. Тады не паверыў ім. Няўжо васіліск?

Янка, не спускаючы вачэй з гэтага злыдня, стаў адсоўвацца назад. Спіна ўперлася ў сцяну.

— Дап…

Цётка з барадой, размахнуўшыся, кінула сухой грудкай. Грудка пацэліла ў галаву, рассыпалася. Болю Янка не адчуў. Куды ж схавацца?

Цётка з барадой наставіла рукі. Вось-вось уніз скокне… Каб не самлець ад страху… Няма ратунку…

— Дапамажыце-э!..

Цётка з барадой нечакана адскочыла. Яе крокі ўсё далей, далей. Заціхаюць. А блізка, здалося, побач зусім, чалавечыя галасы.

Сварка

Перасільваючы страх (што, калі цётка з барадой зноў прыпрэцца?), Янка гукнуў:

— Дапамажыце-э…

Прыслухаўся. Бягуць, спяшаюцца. Усё-ткі людзі, свае. Ён узняў вочы і ўбачыў знаёмыя твары Антона і Макара. Яны, відаць, ляглі ніцма і пазіралі на яго зверху.

Вылецела з галавы, што збіраўся правучыць.

— Хлопцы… Хлопцы… Дапамажыце…

— Мядзведзь у яму ўваліўся, — засмяяўся Антон.

— Не. Яначка зямлянку вырыў, ад людзей хаваецца, — укалоў Макар.

А ён, не зважаючы, радасна паўтараў:

— Хлопцы… Хлопцы…

Хіба не радасць? Хіба не шчасце? Не пярэварацень, а свае, знаёмыя перад табою. Нядаўна біўся з імі? Хіба будзеш думаць пра гэта? Яны дапамогуць. Абавязкова дапамогуць. Такі закон. Як гаворыцца, не з нас пайшло.

— Хлопцы… Хлопцы…

— Табе там не цесна? — падпусціў шпільку Антон.

— Ён даўно там жыве, — падхапіў Макар.

На вачах у Янкі выступілі слёзы. Горкасці ці радасці? І сам не ведаў гэтага.

— Хлопцы… Хлопцы…

Антон, пэўна, заўважыў, што ён сам не свой, бо крыкнуў:

— Пачакай. Лясіну прынясем.

— Апусцім у яму, вылезеш, — дадаў Макар. Сказалі гэтак і зніклі. Быццам не было, быццам прыснілася. Падумалася са страхам: «Што, калі ўцякуць? Не, — адагнаў гэтую думку. — Вечная ганьба таму, хто ў бядзе пакіне. Вызваляць. Можна пачакаць».

— Беражыся, — пачуўся над галавою Антонаў голас.

Прыйшлі. Не пакінулі. А яшчэ хацеў даць па голых пятах каменьчыкамі.

— Апускайце.

Антон і Макар апусцілі сукаватую лясіну, і ён, намацваючы рукамі сукі, вылез са страшнай ямы.

Як ярка свеціць сонца! Якое пяшчотнае яно! А колькі кветак! Розных кветак. Вунь матылёк паляцеў, сеў, склаўшы крыльцы. Таксама падобны на кветачку. Усё нібы першы раз бачыш. Дзіўна…

— Чаго ты так? — падышоў Антон. Янка не зразумеў.

— Га?

— Глядзіш, нібы забраць збіраешся.

— Колькі смутку, столькі й радасці,— сказаў Янка.

— І чаго цябе ў яму панесла? — запытаў Антон.

— Ляцеў на злом галавы.

— Але ж і страху ты набраўся, — паспачуваў Макар. — Твар што палатно.

— Я… я…

Падмывала расказаць, як падкралася цётка з барадой, як нагнала страху. Ды не ведаў, з чаго пачаць. Тых слоў не знаходзілася.