Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 21

Алексей Николаевич Якимович

— Не, — не пагадзіўся Мацей. — Цётка з барадой вачыма лыпала. Калі яшчэ раз убачу, то ногі са страху адымуцца.

— У цябе і цяпер ніжняя губа трасецца, — засмяяўся Янка.

— Васіліск гэта. Я не махлюю, — пакрыўдзіўся Мацей.

— Не махлюем, — прагаварыла Алеся.

Янка ж думаў пра сваё. Што, калі адпомсціць Антону і Макару? Яны каля лесу павінны кароў гнаць. Што, калі затаіцца на ўзлеску і даць каменьчыкамі па голых пятах? Вось толькі Мацей і Алеся… Скажы — прычэпяцца: «І мы з табою». Пасля пільнуй. Як жа ўцячы ад іх?

— Галава разбалелася, — скеміў, як адчапіцца ад іх. — Вы крыху пагуляйце, а я ў цяньку пасяджу.

— Мама казала, каб на балота схадзілі, гусей папасвілі. Лісы каля вёскі круцяцца, — напомніў Мацей.

— Схадзіце, папільнуйце, — узрадаваўся Янка.

— А па маліны пойдзем? — запытала Алеся.

— Туды мяне і на вужышчы не зацягнеш, — прызнаўся Мацей. — Цётка з барадой у вачах стаіць.

Янка не сцярпеў:

— Сам ты цётка з барадой.

— Я — цётка? Я хлопец.

«Малы, а гонар мае, — падумаў Янка. — Трэба неяк улагодзіць. Калі заўпарціцца, прыйдзецца самому гусей пасвіць».

— Хлопец! Яшчэ які хлопец! — пахваліў брата. — Схадзіце на балота. Мне галава нешта разбалелася.

— Добра. Сходзім, — усцешыўся Мацей.

— І я з Мацеем, — прамовіла Алеся. — І мне расхацелася па маліны ісці.

Мацей і Алеся выскачылі на вуліцу, панесліся, падымаючы босымі нагамі пыл. А Янка назбіраў каменьчыкаў і няспешна падаўся на агарод. Адразу за агародам — крыніца. Праз крыніцу — невялікі масток, зроблены з тонкіх круглякоў.

Ён стаў на мастку. Ледзь прыкметна, усцілаючы дно бялюткімі каменьчыкамі, цячэ вада. Бегаюць, даганяючы адзін аднаго, даўганогія жучкі. Няўжо і ім пагуляць захацелася? Ад берага рвануўся на сярэдзіну невялікі паласаты шчупачок. Застыў каля аерыны. Янка тупнуў нагою. Шчупачок, усплёснуўшы, знік з вачэй.

За мастком — балота, парослае аерам, асакой. Тонкай ніткай цягнецца праз балота сцяжынка, вымашчаная лазою. Яна выводзіць да лесу, дзе натаптана безліч сцежак. Топчуць і звер, і чалавек. Побач жывуць, хоць і не ў дружбе.

Янка, намацваючы нагамі выгінастыя лазіны, перайшоў праз балота. Вось і лес, заліты сонцам, знаёмая сцежка, якая выводзіць на васілевіцкую дарогу. Ён прыпусціўся па сцежцы. Лёгка, слаўна на душы. Рупіць падскочыць, як маладому цяляці, якое першы раз вясною вывелі з хлява. Ён падскочыў і… адчуў, што правальваецца, ляціць уніз.

Адразу стала цёмна. Сонца высока-высока. Дзе ж ён? Няўжо ў яму ўваліўся? Але, у яму. Баліць нага, пячэ рука ў плячы. Дала знаць рана. У яму ўваліўся. Выкапалі на звера, няйначай. Не заўважыў, што галлём накрылі. Ну й разява! Няўжо не выкарабкацца адгэтуль?

Высока-высока сонца. Лашчыць дрэвы, кусты. Хмаркі паволі плывуць па небе, даганяюць адна адну, нібы ў жмуркі гуляюць. Гуляюць… Якая там пространь, якая шыр! Разява! Яму накрылі галлём, травой, а ён не заўважыў. Даў маху. Смех людзям сказаць. Быццам першы раз у лесе. Сядзі цяпер. А калі дзік зверху скочыць? Паломіць рэбры. А калі які-небудзь воўк-небарака? Прыйдзецца разам у яме выць. Няма як вылезці. Вось каб якую лясіну хто-небудзь апусціў…