Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 17

Алексей Николаевич Якимович

— У гэтых заморскіх краінах лятаюць змеі на крылах.

Мацей шырока-шырока расплюшчыў вочы.

— Як птушкі? Янка кіўнуў галавою:

— Як птушкі.

— Ад такіх нідзе не схаваешся, — прагаварыла Алеся.

— Нідзе, — пагадзіўся з ёю Янка. — Яны быкоў раскусваюць напалам. У тых заморскіх краінах растуць дрэвы, на якіх спее жыта. Людзі збіраюць яго, таўкуць у ступах і пякуць сітнікі.

— Калі б у нас былі такія, я многа-многа сітнікаў напякла б, — падхапіла Алеся. — Штодзень елі б сітнікі.

— Янка, глянь! — усклікнуў Мацей. — Васілевіцкія на наша балота сваіх кароў прыгналі.

Янка зірнуў уніз. На самым ускрайку балота, каля лесу, ходзяць каровы. Непадалёку стаяць васілевіцкія хлопцы, яго, Янкавы, адналеткі — Антон і Макар. У Антона рабацінне на шчоках. Мабыць, не адно птушынае гняздо разбурыў. Кажуць жа людзі: разбурыш птушынае гняздо — рабым будзеш. І Макар за яго не лепшы. Калом шапкі не дастанеш. Вясною Янка пабіўся з ім. За свістульку. Ён, Янка, выразаў з вярбы свістульку. Добрая свістулька выйшла. Нібы салоўка, цёхкала. А гэты схапіў і зламаў. Стаў апраўдвацца, што незнарок. Ды не паверыў яму Янка. Ліхія хлопцы, адзін у аднаго. На чужое балота кароў прыгналі. Быццам свайго няма.

Янка ўскочыў.

— Эй, вы, бусліныя шыі! Чаму на наша балота кароў прыгналі?

— Ты сам верабей, — агрызнуўся Антон.

— Парэчкі-авечкі,— крыкнуў Макар. Зразумела, чаму так. Калі іх, парэцкіх, вельмі хочуць дапячы, то заўсёды так дражняцца.

— Васілі-бабылі,— не сцярпела Алеся. — Як станеце на палена, то свінні па калена.

— У вас вядзьмак не мог памерці, і ў столі дошку адрывалі,— крыкнуў Мацей.

— А ў вас… У вас летам на печы ляжаць, а зімою поле аруць, — гукнуў Антон.

На чужым балоце нібы на сваім. Каму даспадобы такое? Хіба стрываеш? І Янка не стрываў:

— Каменьмі іх.

Добра шпурляць каменьмі з гары. Ляцяць далёка, б'юць трапна. Янка з першага разу Антону ў нагу пацэліў. Антон заенчыў, заскакаў.

— Мала? Мала? — узрадаваўся Мацей. — Яшчэ хочаце?

Антон і Макар, убачыўшы, што непярэліўкі, кінуліся да кароў, сталі заварочваць.

Янка, набраўшы ў дзве жмені каменняў, гукнуў, нібы сапраўдны вой:

— За мною!

Галёкаючы, забыўшыся пра ўсё на свеце, яны пакаціліся з гары. Антон і Макар завярнулі кароў і пагналі ў лес.

— Мы яшчэ пакажам вам, — патрос напаследак кулаком Антон.

— Сабака віляе хвастом, а ты языком, — даў здачы Мацей.

Васілевіцкія схаваліся ў лесе.

— Добра ім далі,— сказаў Янка. — Цяпер і дамоў можна ісці.

— Яны не вернуцца? — запытаў Мацей.

Сам задаволены, што кот на цёплай печы. Усмешка на ўвесь твар.

— Не вернуцца. Будуць ведаць, як у чужое лезці.

Радуючыся, смеючыся, яны ішлі па ўскрайку лесу. Лес — карміцель (тут і дзічына, і ягады, і грыбы), лес — добры бацька (ад ворага схавае, выратуе) — стаяў у соннай дрымоце.

Мацей, які крочыў уперадзе, неспадзявана стаў. Янка штурхнуў яго.

— Чаго рот разявіў?

— Там, там… — Твар у Мацея збялеў. Сам калоціцца, як і тады, калі ўбачылі за рэчкай крыжакоў.— Там… Там цётка з барадой. У яе барада, як у мужчыны. Чорная.

Нечаканая навіна

Янка сваім вушам не верыў. Ні разу не бачыў, не чуў, каб у цёткі, у жанчыны, вырасла барада, як у мужчыны.