Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 15

Алексей Николаевич Якимович

І праўда, шмат. І за рэчкаю, і каля вёскі, на балоце. Цяжка туды дабрацца. Але калі залезеш, то і сам ад пуза наясіся, і дамоў прынясеш.

Побач з іхняй вёскай яшчэ адна вёска — Васілевічы. Цікава глядзець на яе з Каўпака. Хаткі па грудках паразбягаліся, людзі соваюцца, на коніках пхнуцца. Многае ўбачыш з Каўпака, нават тую дарогу, якая праз Васілевічы вядзе ў Слонім. І гавары колькі хочаш, пра што хочаш. Ціха, ніхто не тузае, не кліча. Вось як сёння.

— Наш Алекса каторы дзень не ўстае, — першай распачала гаворку Алеся. — Мама яго з лыжкі корміць.

Слухаюць Янка і Мацей, затаіўшы дыханне, хоць і ведаюць, што Алекса не ўстае, што з лыжкі кормяць, бо так па ўсёй вёсцы гавораць. Ды ўсё роўна цікава.

— Мама казала, што яна яго хутка паставіць на ногі. Мядзведжым тлушчам вылечыць.

— Не памрэ Алекса? — запытаў Мацей.

— Будзе жыць. Яму трэба адляжацца. А ці ведаеце вы, што трэба зрабіць, калі ўвойдзеш у хату, дзе ляжыць памерлы чалавек, які займаўся чарадзействам?

— Што? — наставіў вушы Мацей.

— Трэба ўкленчыць і прашаптаць: «Хай цябе чэрці схопяць».

— Няўжо? — здзівіўся Мацей.

— А як ты думаў,— прамовіў Янка.

І яму рупіць сваё слоўца ўставіць. Шмат наслухаўся пра злых чарадзеяў, ведзьмакоў, варажбітак. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі хлопцы і дзяўчаты расказваюць, сабраўшыся ў чыёй-небудзь хаце, ён, прытуліўшыся дзе-небудзь у куточку, слухае, наставіўшы вушы. Пасля з хаты боязна высунуцца. Здаецца, толькі ступіш за парог, а цябе вядзьмак за руку цап і да сябе пацягне. Прыходзіцца чакаць, пакуль хто-небудзь з хлопцаў ці дзяўчат дамоў не пойдзе. Месіш снег разам. А потым у сваю хату як мага, праз цёмныя сені стралою. Так, замірае душа, калі слухаеш, але і цікава, зманліва.

— Яначка, раскажы што-небудзь, — папрасіў Мацей.

— Гэта было ў Васілевічах, — знарок няспешна пачаў Янка. Так дарослыя пачынаюць. Не на ўвесь рот гавары, а толькі ў палавінку.

— Няўжо ў Васілевічах? — сцепануўся Мацей.

— Можа, не расказваць? — зірнуў на яго Янка. — Раскажу, а пасля цэлую ноч вачэй не заплюшчыш.

Мацей замахаў рукамі.

— Яначка, заплюшчу. Раскажы.

— Гэта было ў Васілевічах, — зноў пачаў ён. — Адзін злы вядзьмак ніяк не мог памерці. Ох і мучыўся! Зубамі так скрыгатаў, што куры паразбягаліся.

— Вой! — войкнула Алеся.

— О-о! — окнуў Мацей.

Янка неўпрыкметкі зірнуў на іх. Сцяліся ў камячкі, нібыта верабейкі.

— Яшчэ як мучыўся. Валасы на сабе рваў.

Янка перапыняе аповед. Словы, здаецца, знаёмыя, не раз чутыя, а мурашкі па целе прабягаюць. Бывае ж такое: сам на сябе страх наганяеш. Ды хіба спынішся, калі пачаў?

— Валасы на сабе рваў,— паўтарыў Янка. Мацей і Алеся глядзяць, раты параскрывалі.

— Тады ведзьмакоў сын узяў асінавыя клінкі, забіў у шчыліну між дошкамі ў столі і адну дошку адарваў.