Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 16
Алексей Николаевич Якимович
— Навошта? — пацікавіўся Мацей.
— Каб праз тую дошку мог прыйсці чорт па ягоную грэшную душу.
Нейкі час яны маўчаць, са страхам пазіраюць на кусты ядлоўцу, якія растуць на гары. Што, калі там рагаты чорт схаваўся? Што, калі выскачыць, зойдзецца ў дзікім смеху?
Ціха. Усё-ткі не выскачыў. Няйначай, недзе далёка, у балоце, злыдзень, сядзіць.
— Яначка, яшчэ што-небудзь раскажы, — папрасіла Алеся.
Гэткіх гісторый Янка шмат ведае. Але знарок моршчыць лоб, чухае патыліцу. Няхай лепей папросяць.
— Яначка-а… — заводзіць Мацей. Янка пазяхнуў.
— Памерла адна вядзьмарка. Пахавалі яе і селі за стол да хаўтурнага пачастунку. Сядзяць. Нядобра на душы. Вядзьмарку пахавалі.
— Яначка, не марудзь, — не стрываў Мацей.
— Сядзяць за сталом. А дзверы былі адчыненыя. Раптам уварваўся віхор, закруціўся ваўчком па хаце.
— Ваўчком? — зніякавела Алеся.
— Ваўчком. Бачылі, як іншы раз на рэчцы віхор закруціць ваду і бяжыць, бяжыць да берага?
— Даганяе тых, хто купаецца, — сказаў Мацей. — Калі не ўцячэш, то на дно зацягне.
Янка паківаў галавою.
— Уварваўся і круціцца. Адзін мужчына засмяяўся, а яму гэтым паветрам галаву на бок скруціла. Доўга хадзіў са скручанай набок шыяй. Са злой сілы не смейся.
— Гэта чорт уляцеў? — запытала Алеся.
— Чорт.
— Чаму ў тую хату ўляцеў? — прагаварыў Мацей.
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Янка і, падумаўшы, дадаў, як бы рысу падводзячы: — Чорт ёсць чорт. У яго і ў ступе таўкачом не пападзеш.
— Чорт ёсць чорт, — пагадзіўся Мацей.
— Чорт ёсць чорт, — пагадзілася Алеся.
Што яшчэ яны маглі сказаць? Прадзеды верылі, і яны вераць. Гэтыя гісторыі для іх былі што цікавая кніга. Спакон вякоў панямонцы, звыклыя да сялянскай працы і ваенных паходаў, умелі складным словам цешыцца. А Янка, Алеся, Мацей — адна з галінак таго дрэва, якое буяла, красавала тут.
— Хлопчыкі,— сказала Алеся, — я пра васіліска чула. Чула, што ён можа ператварыцца ў сабаку і лісу.
— Няпраўда, — запярэчыў Мацей. — Васіліск можа ператварыцца ў мядзведзя.
— Праўда. Васіліск можа ператварацца ў сабаку і лісу. Яначка, так?
Янка ўсміхнуўся. Малыя. Анічога не цямяць. Ім разжуй і ў рот пакладзі.
— Васіліск можа ў любога звера абярнуцца, — сказаў ён. — І ў сабаку, і ў лісу, і ў мядзведзя. З мядзведзя — цмокам пякельным стаць.
— Яшчэ што-небудзь расказаў бы, — папрасіла Алеся.
Цікаўная Алеся. Да самага заходу сонца слухала б. Што ж, можна пацешыць.
— Ёсць заморскія краіны, — сказаў ён.
— Чаму заморскія? — запытаў Мацей.
Што ж сказаць яму? Краечкам вуха чуў, што ёсць такія. Сапраўды, чаму заморскімі іх называюць?
— Бо за морам яны, — нарэшце здагадаўся, як адказаць.
— А якое яно, гэтае мора?
Зноў Мацей у кут на калені паставіў. Якое ж яно, мора? Сам ніколі яго не бачыў. Трэба ў Яся запытаць. Ясь слаўны хлопец. А розных гісторый гэтулькі ведае, што яны ў яго быццам з рукава сыплюцца.
— Ты менш пытайся, а больш слухай, — прамовіў Янка. — Многае вяканне даводзіць да бякання. Зразумеў?
— Зразумеў,— насупіўся Мацей.
Янка з палёгкай уздыхнуў. Добра, што хоць не пытаецца. Вось смала. Такі абняславіць.