Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 19
Алексей Николаевич Якимович
У хаце — дзве палавіны. Меншая — сені. З сяней, калі зайсці ў каморку, можна залезці на гарышча. Чаго там толькі няма! І кавалкі старых рыбацкіх сетак, і розныя раменьчыкі, і кажухі, паетыя моллю, і зношаныя лапці, і збітая падкова. Усё знаёмае да драбніц: не раз з Мацеем лазілі на гарышча, перабіралі сваімі рукамі, перакладваючы з аднаго кутка ў другі.
Падлога ў сенях і ў хаце глінабітная. Яе маці штодзень падмятае. А вось столь заўсёды чорная: дым, калі паляць у печы, выходзіць праз дзірку ў столі. У бэлькі ўбітыя крукі. На іх бацька падвешвае кумпякі, якія зімою вэндзяцца. Смачная вэнджаная дзічына. Але самае цікавае — гэта зброя. На сцяне вісяць рагаціна з доўгім вузкім вастрыём, выкаваным з гарачага жалеза, дзіда, лук, суліца, кісцень, клявец, баявая сякера. Усё адпаліраванае, вычышчанае — аж блішчыць. Выдасца вольная часінка — бацька бярэцца чысціць сваю зброю. Яна яму ад яго, Янкавага, дзеда засталася. Няма ўжо дзеда. Янка нават не памятае, які ён. Не памятае, бо…
— Хадзем у хату, — тузануў за руку Мацей.
— Пачакайце, — пачулася ззаду.
Янка азірнуўся. Па вуліцы ішлі бацька і маці.
— Татка! — кінуўся Мацей, забыўшыся пра ўсё на свеце. — Мы…
— Не балбачы, — перапыніў бацька.
Янка вытрашчыў вочы. Чаму так? Звычайна бацька падхопіць Мацея, высока-высока ўгору падкіне, і той, шчаслівы, звонка-звонка смяецца. І маці, гледзячы на іх, усміхаецца. А цяпер і на яе твары хмурынка.
— Татка… — збянтэжыўся Мацей.
— Хлопцы! Хлопцы! — прамовіў бацька. «Зноў крыжакі напалі», — мільганула ў Янкі ў галаве. Ды адразу ж адагнаў гэтую думку: калі б напалі, то бацька не стаяў бы. Бег бы ў хату па зброю. Дый у вёсцы перапалох падняўся б. Бацька паківаў галавою.
— Што ж вы нарабілі?
Мацей адышоўся, прысеў, цікуючы здалёку, што заяц.
«Васілевіцкія паскардзіліся, — скумекаў Янка. — Відаць, тры корабы нагаварылі, не прызналіся, што кароў на чужое балота прыгналі».
Ён адкрыў рот, каб сказаць пра гэта, ды бацька апярэдзіў яго:
— З Васілевіч людзі прыязджалі, казалі, што вы ў іх усе агароды парылі, моркву парвалі.
Не спадзяваўся Янка, што такое пачуе. Нават вушам сваім веры не даваў.
А бацька з горыччу закончыў:
— І не брыдка? Увесь наш мір, усю абшчыну абняславілі.
Калі б так было, то, сапраўды, абняславілі б. Адно парася завядзецца, а на ўсю абшчыну пляма кладзецца, усе адказваюць. Калі віноўніка ці злачынцу не знойдуць, разам пакрываюць страты, нанесеныя чужой гаспадарцы альбо гаспадару. Вечная ганьба той сям'і, у якой злодзея знойдуць. Вось чаму бацька злосны.
— Татка, мы не рвалі моркву, — стаў абараняцца Мацей.
А хто ж яе рваў?
— Не ведаем.
— Ведаеце. Усё вы ведаеце.
Янка зірнуў на маці. Маўчыць, апусціўшы вочы. Што ж, не след ёй сваё слова ўстаўляць, калі старэйшы ў сям'і разбіраецца. Старэйшы ў сям'і па бацькоўскай лініі за ўсё адказвае. Ён адказвае — яму і вырашаць. Толькі вельмі важнае з жыцця вырашае сямейны савет — дарослыя мужчыны і жанчыны. Маўчыць маці. Татка старэйшы ў сям'і па бацькоўскай лініі. Калі б дзед не загінуў на вайне з крыжакамі, то…
Янка ўзняў вочы, поўныя слёз.