Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 18

Алексей Николаевич Якимович

Ён зірнуў на Мацея.

— Збыткуеш?

— Т-там… Т-там… С-стаяла… С-стаяў…

— Хто стаяў? Дзе стаяў? — разгубіўся Янка.

— Н-не ведаю, хто с-стаяў. Там… — Мацей тыцнуў пальцам, паказваючы на бухматы лазовы куст.

— С-стаяла. Такое с-страхоцце, — падала голас Алеся. — І я яго б-бачыла.

Янка азірнуўся. І Алеся трасецца, дыхае часта-часта, нібыта ляцела на злом галавы.

Няўжо кажуць праўду? Не жартачкі! Нейкая цётка з барадой стаяла і на іх глядзела. Што ж рабіць? Прыпусціцца, каб ад бяды далей? Але ж няёмка перад малымі. Падумаюць, што баязлівец. Мажліва, ім здалося. Мажліва, раней дамовіўшыся, выдумалі, каб пасля з яго пасмяяцца.

— Вы пастойце, а я пагляджу.

— Братка, не трэба, — пралапатаў Мацей. Не, не пабаіцца ён нейкай цёткі. Няхай сабе

і з барадою. Дый выдумка. Дамовіліся. Хоць малыя, а ўмеюць абмануць. Здатныя на гэта, чэрці. Цётка з барадой…

— Чаго ж не вылазіць, раз стаяла? — сказаў Янка, сам сябе падбадзёрваючы, і збочыў са сцяжынкі.

Крок. Яшчэ адзін. Чаму так моцна б'ецца сэрца? Знарок выдумалі… Яшчэ крок. Няма чаго баяцца. Ну й прыдумалі!

Янка расхінуў куст. Анікога. Ні дзядзькі, ні цёткі. Ні з барадой, ні без барады.

— Дзе тая цётка? Баязліваму і корч мядзведзем здаецца.

— Уцякла, — прамовіў Мацей.

— Уцякла, — рэхам азвалася Алеся.

На сваім стаяць. Усё-ткі здалося ім. Наслухаліся розных гісторый. Пужаная варона і куста баіцца.

Янка выйшаў на сцяжынку.

— Баязліваму і корч мядзведзем здаецца, — паўтарыў ён.

Мацей тыцнуў пальцам.

— Стаяла… Там стаяла цётка з барадой, як у мужчыны. Такая… Такая мурлатая.

— У вышыванай кашулі, у спадніцы. На галаве хусцінка. А барада, што сажа, — дадала Алеся.

Янка засмяяўся:

— Ха-ха-ха… Смельчакі… Ха-ха-ха…

А Мацей і Алеся, перапыняючы адно аднаго, зноў пачалі даказваць, што стаяла, што глядзела на іх. Надакучыла Янку тое слухаць.

— Калі будзеце языкі распускаць, то ніколі з сабой не вазьму, — напалохаў іх.

Дайшло. Замаўчалі. А то заладзілі: «Цётка з барадой, цётка з барадой…» Пра такое лепей не ўспамінаць.

Да вёскі дайшлі без прыгод. Алеся пабегла дамоў, а Янка з Мацеем, не заходзячы ў хату, падаліся на агарод. Маці яшчэ зранку сказала, каб рэдзьку апалолі.

Агарод адразу ж за хатай. На агародзе і морква, і рэдзька, і лапінка жыта, і кавалачак грэчкі. Жыта і грэчку Янка разам з бацькам сеяў. «Добра рассявай, Яначка. Рабі так, каб сабак не дражніць і людзей не смяшыць», — вучыў бацька.

Янка і сам стараўся. Мінулая восень выдалася сухая. Панізілася вада ў рэках і азёрах. Нават спрадвечная дрыгва перасохла. Гарэлі лясы. Пажар не раз насоўваўся на вёску. Людзі як адзін выходзілі, каб абараніцца ад агню. Ваявалі з агнём, нібы з крыжакамі. Дым, быццам туман, слаўся па зямлі, лез у вочы. Пагарэў ураджай. Вясною зерне па шчопці збіралі, каб пасеяць. Дык хіба не будзеш старацца?

— Яначка, пасля рэдзьку аполем. Давай заскочым у хату. Хоць вады нап'емся, — папрасіў Мацей.

Іхняя хата, як і іншыя, з саламянай страхой. Маленькія вокны зацягнуты бычынымі пузырамі, і таму ў хаце, хоць і летам, паўзмрок.