Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 151
Алексей Николаевич Якимович
— Чаго стаіш слупам? — незычліва прамовіў Палын.
— Птушкі спяваюць, цвіркаюць.
— У цябе ў вушах цвіркае, — зарагатаў Палын.
— А ты не чуеш, як птушкі спяваюць. Не, не чуеш, — сказаў дзед Мірон.
Я глянуў на Палына. Стаіць, крыўляецца. А сапраўды: ці чуе ён, як птушкі спяваюць, ці заўважае іхні спеў? Напэўна, не. Жыве, як у скляпенні. Хіба яму да спеваў? Трэба думаць, як ведзьмаку дагадзіць.
— Хораша тут, — прамовіў дзед Мірон і пасунуўся па ўтравелай дарожцы.
— Далёка не йдзі, бо рассыплешся. Прыйдзецца збіраць, — са здзекам прагаварыў Палын.
— Вой! — раптам войкнуў дзед Мірон. Мы з Петрусём з усіх ног да яго.
— Што з вамі? — запытаў я.
— Хлопцы, ідзіце па гэтай сцежцы, — зашаптаў дзед Мірон. — Дойдзеце да канца парку. Ён агароджаны. Праз агароджу вам не пералезці. Але насупраць дарожкі ёсць весніцы. Адчыніце і выйдзеце. За агароджай пачнецца лазняк. Калі пралезеце праз яго, убачыце раку. Там, у асацэ, човен. Адразу ж за ракою лес. На ўскрайку дзве сухія хваіны. Каля іх дарога. Ідзіце туды, дзе сонейка. Зніміце гуслі. На грушу нялёгка залезці. Ад сына чуў, што вельмі калючая. Не ведаю, чаму яна такая стала.
— Эй ты! Стары грыб! Што шэпчаш? — занепакоіўся Палын.
Дзед Мірон павярнуўся да яго.
— Няхай хлопчыкі пагуляюць, а я пастаю, падзіўлюся.
— Годзе дзівіцца. У скляпенне лезь. Там тваё месца.
— Зараз палезу, — прамовіў дзед Мірон.
Мы з Петрусём, пасвістваючы, пайшлі па сцежцы. Ці аклікне Палын? Не, не аклікнуў. Паверыў, што захацелася нам пагуляць.
У канцы парку, як і казаў дзед Мірон, мы ўбачылі весніцы. Але на весніцах вісеў вялізны свірнавы замок. Мабыць, нядаўна яго павесілі. Новенькі, як з крамы. І праз агароджу не пералезці. Куды ні глянь — высокія пруты, завостраныя на канцы, а зверху — калючы заржавелы дрот, нацягнуты, як у прафілакторыі.
Пятрусь стукнуў кулаком па агароджы.
— Не ведаў дзед Мірон, што тут замок. Падрыхтаваў Казімір Міронавіч сюрпрыз!
— Пятрусь, давай пад агароджу падкапаемся, — прапанаваў я.
— Чым?
— Рукамі.
— А калі агароджа на тры метры ў зямлю ідзе?
І праўда. Магчыма, пруты глыбока ў зямлю ўкопаныя. Рукамі не падкапаешся, не дасі рады. Экскаватар патрэбен. Што, калі Палын ужо шукае нас?
— Пятрусь, Палын ведае, па якой дарожцы мы пайшлі. Трэба схавацца ў такое месцейка, каб не знайшоў. Хоць гадзіну без яго пабудзем.
Мы павалакліся паўз агароджу. Бывай, воля. Хутка скляпенне будзе прыстанішчам. А дзесьці на дзічцы вісяць чарадзейныя гуслі. Даўно не прабягала рука па іхніх струнах. Толькі ветрык прабягаў. Ды што ветрык? Трэба, каб рука. Тады зайграюць, заспяваюць.
— Пятрусь, ты калі-небудзь бачыў гуслі? — запытаў я.
— Толькі на малюнку.
І я, як і ён, бачыў толькі на малюнку. Ніколі ў руках не трымалі. Электрагітару трымалі, нават крыху брэнкалі. А гуслі не. Чаму ж так?
У траве стракочуць конікі, у гушчыні дрэў пераклікаюцца птушкі. Не верыцца, што непадалёку скляпенне, прафілакторый, не лепшы за гэтае скляпенне. Ходзяць людзі, як сонныя. Вусны сцятыя. Пра адно думаюць: каб дзень да вечара.