Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 153

Алексей Николаевич Якимович

Я задраў кашулю, затуліў рот і нос. Палягчэла, хоць галава кружыцца, баліць.

— Пятрусь, затулі рот і нос кашуляй. Тут нейкія атрутныя газы. Гэта даліна смерці.

Пятрусь, як і я, нацягнуў кашулю да самых вачэй, і мы папляліся, спатыкаючыся, як сляпыя.

Не памятаю, ці доўга так ішлі, але нарэшце я адчуў, што палепшала, што перастала балець галава.

Я, не верачы ў збавенне, апусціў кашулю. Сапраўды, дыхаецца лёгка, як і раней.

— Пятрусь, мы выратаваліся.

— Прайшлі праз даліну смерці?

— Прайшлі, Петрусёк. Прайшлі.

Падземная рака і…

Адпачыўшы, мы пашыбавалі далей. Зноў паабапал дарогі стаяць яліны. Сыра, цёмна, змрочна.

— Пашанцавала нам, што з даліны смерці вырваліся, — сказаў я.

— Невядома, што будзе далей, — адказаў Пятрусь.

А далей… Далей пачалося балота. Сям-там чэзлыя скрыўленыя бярозкі, купінкі альшыны сярод аеру, асакі. Дарога тут, быццам выцягнутая нітка. Невядома, хто і калі праклаў яе.

Мы прайшлі з паўкіламетра і за павароткай убачылі скалу. Яна быццам вырасла перад намі.

— Скала сярод балота. Чаму? — выдыхнуў Пятрусь.

— Казка, — кажу яму.

— Але, так толькі ў казках бывае, — пагадзіўся Пятрусь. — Праз скалу нам не пералезці.

Так, не пералезці. Строма скала ўзнімаецца ўгору, а сама бы адшліфаваная. Ні трэшчынкі на ёй. Унізе буяе зеляніна, густая, што шчотка.

— Паспрабуем абысці скалу. — Пятрусь ступіў убок і праваліўся ледзь не па пояс.

«Тут дрыгва», — тахнула ў галаве.

Я, амаль нічога не цямячы, упаў на жывот, схапіў Петруся за руку і пачаў цягнуць. Ён выпаўз на дарогу. Твар мурзаты, чорная вада сцякае па кашулі, па штанах, а на нагах няма аднаго чаравіка.

— Пятрусь, ты ўвесь у гразі,— сказаў я. Пятрусь махнуў рукою.

— А-а…

Мы моўчкі сядзелі на траве. Над намі кружыліся авадні, стараліся ўцяць за твар, за рукі.

— Ну й аваднёў тут! — не сцярпеў Пятрусь. — Ігнат, выламай галінку. Трэба адагнацца, бо з'ядуць.

Я ўстаў, расхінуў куст, каб выламаць галінку, і, не стрымаўшыся, усклікнуў, бо ўбачыў у скале ўваход.

— Чаго ты? — падаў голас Пятрусь.

— У скале ўваход. Напэўна, у пячору вядзе. Пятрусь усхапіўся і да мяне.

— Бач ты! — прамовіў.— Кустамі зарос. Нехта знарок іх пасадзіў.

Я глянуў на яго.

— Думаеш, што вядзьмак?

— Відаць, ён.

Вядзьмак… Казімір Міронавіч… Што, калі дагоніць нас? Нельга марудзіць. Кожная хвілінка дарагая.

Я, сагнуўшыся, палез у пячору. Паўзмрок, нібы ў скляпенні. Здалёку даносіцца нейкі глухі гул.

— Што гэта? — падышоў да мяне Пятрусь.

— Магчыма, Цмок — пудзіла паганае. Магчыма, храпе, сплючы, — кажу.

— Ігнат, глупства.