Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 152
Алексей Николаевич Якимович
— Пятрусь! — крыкнуў я, забыўшыся пра ўсё на свеце, бо ўбачыў паваленую вярбу, якая ляжала на агароджы. — Мы выратуемся!
Пятрусь, абагнаўшы мяне, ускарабкаўся на самы верх вярбы. І я залез на вярбу, трымаючыся за галіны.
— Э-эх! — крыкнуў Пятрусь і скокнуў уніз. Упаў, перакуліўся.
Я ўдыхнуў паветра і таксама скокнуў. Усё. Мы за агароджай. Недзе там, уперадзе, рэчка, човен у асацэ. Ён нас выратуе.
Мы з Петрусём палезлі праз лазняк. І ў нас на балоце расце лазняк. Ды тут незвычайна густы: гнуткія, тоўстыя лазіны адна каля адной.
Мы, расхінаючы іх, упарта лезлі наперад. Пачалася крапіва, вялізная, ледзь не ў мой рост. Сцёбнула па твары, апякла, як уджаліла.
— Не лазняк, а афрыканскія джунглі,— сказаў Пятрусь.
Хацелася прыпыніцца, дух перавесці. Але мы прабіраліся наперад.
Пад нагамі захлюпала вада. Разуцца? Няма калі. Дый ногі апячэш крапівою.
— Пятрусь, калі гэтыя джунглі скончацца? — не стрываў я.
— Некалі скончацца, — азваўся Пятрусь.
Вада хлюпае ўжо не толькі пад нагамі, але і ў чаравіках. Трэба цярпець. Трэба…
Лазняк скончыўся нечакана, быццам расступіўся перад намі, і мы ўбачылі раку, бераг якой зарос аерам, асакой.
Мы, асцярожна расхінаючы рукамі асаку, пайшлі па беразе і неўзабаве ўбачылі човен, каля якога ляжала вясло.
Я залез у човен, сеў на нос. Пятрусь адштурхнуў яго, сам ускочыў, узяў вясло.
— А рака глыбокая! — усклікнуў.— Дна вяслом не дастаць.
— Грабі,— сказаў я яму.
Пятрусь пачаў хутка-хутка грабці. Ды човен стала зносіць уніз. Лазняк застаўся ззаду. Але ж і човен набліжаўся да берага. Праз колькі хвілін ён уткнуўся носам у жоўты пясок, намыты вадою. Мы з Петрусём зацягнулі яго на бераг, а пасля селі на пясок, вылілі з чаравікаў ваду, абуліся і хацелі ісці туды, дзе ўзвышаліся дзве сухія хвойкі (іх адразу заўважылі на ўскрайку), ды з асакі вылез Палын.
— Наш саюзнік з'явіўся, — прамовіў я.
— Паслухаем, што скажа, — прагаварыў Пятрусь.
— У палац табе захацелася?
— Не хвалюйся. Пакуль ён цераз раку пераплыве, мы ў лесе схаваемся. Там і са свечкаю не знойдзе.
А Палын, склаўшы рукі рупарам, закрычаў:
— Вярні-це-ся-а!..
Пятрусь, падцкоўваючыся, памахаў рукою.
— Пасля дожджыку ў чацвер.
— Вярніцеся. У золаце будзеце хадзіць, на пярыне спаць, пуховай коўдрай накрывацца.
— Нам і без тваёй коўдры някепска.
Палын затупацеў нагамі. Калі б хто збоку паглядзеў, то падумаў бы: шалёная муха ўкусіла за вуха.
— Калі б умеў плаваць, то я вас… Я вас… Сам не ведаю, што з вамі зрабіў бы.
Зразумела, чаму топчацца на беразе. Плавае як сякера. Наша шчасце. Пятрусь памахаў рукою.
— Бывай, Палынок.
Мы, пасмейваючыся, пайшлі па дарозе, якая неўзабаве пачала спускацца ў лагчыну. Паабапал дарогі раслі яліны, падобныя на бухматыя копы. Сонца ледзь-ледзь прабіваецца праз іх калматыя вершаліны. Дзіка, непрытульна. І што самае дзіўнае? Стала кружыцца галава, перахапіла дыханне.
Я зірнуў на Петруся. Цягнецца, нібы сонны. Дыхае цяжка-цяжка.
— Ігнат, мне кепска.
І яму кепска. Чаму ж так кружыцца галава? Можа, вядзьмак свае чары напусціў? Але ж ён далёка. Дый стала кепска менавіта тут, у даліне. У даліне… Можа, гэта даліна смерці? Чытаў я нядаўна, што ёсць на зямлі нізіны, пячоры, дзе гінуць птушкі, звяры. На востраве Ява аж шэсць такіх страшных пячор. Ёсць падобная мясціна на Камчатцы, на тэрыторыі Краноцкага заказніка. Яе называюць далінай смерці. Многія вучоныя мяркуюць, што там птушкі і жывёліны атручваюцца вуглякіслым газам, серавадародам. А некаторыя даказваюць, што дзейнічае такая моцная атрута, як сінільная кіслата і цыяністы вадарод. Няўжо і тут нешта падобнае? Мабыць, так. Дыхаць усё цяжэй.