Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 150

Алексей Николаевич Якимович

— А што будзе з намі? — пацікавіўся Пятрусь.

— Дома апыніцеся. Падарожжа ў казку сном здасца.

Цікава выходзіць. Мы гэтулькі нацярпеліся! Няўжо гэтае падарожжа здасца толькі сном?

Хацеў сказаць пра гэта дзеду Мірону, ды ён апярэдзіў мяне:

— Не марудзьце. Паспрабую таго злога духа ўгаварыць, каб дзверы адчыніў.

Дзед Мірон устаў, пахіснуўся. Я схапіў яго за руку, каб падтрымаць.

— Не трэба, унучак. Галава з непрывычкі кружыцца. Крыху пастаю, і пройдзе.

Дзед Мірон прыхінуўся да сцяны. Некалькі хвілін стаяў, апусціўшы галаву, а пасля паволі пайшоў. Ступіў на лесвіцу і пачаў паднімацца наверх. Мы з Петрусём пайшлі за ім. Па сцяне да дзеда Мірона рвануўся вялізны агідны павук. А дзед Мірон ідзе, не зважае. І мы з Петрусём ідзём за ім з аглядкай.

Вось і дзверы. Дзед Мірон стукнуў кулаком.

— Эй, хлопча! Адчыні!

— І ты, стары грыб, на волю хочаш? Табе трэба на ланцугу сядзець. Твой век скончыўся, — крыкнуў з-за дзвярэй Палын.

— Імем тваёй маці заклінаю. Той маці, якая табе дала жыццё. Адчыні, выпусці хлопцаў. І я на сонца гляну. Мне ўжо мала засталося.

— І там не цесна.

— Адчыні. Павінна ж быць у цябе сумленне. Ты ж нарадзіўся чалавекам, а не гадзінай паўзучай.

У адказ пачуўся смех.

Я моўчкі стаяў і кусаў губы. Не. Такога, як Палын, не ўпросіш і не ўмоліш. Дзед Мірон пра сумленне напамінае. Хіба гэтым проймеш яго? Вось каб дубінай па спіне. Адразу дайшло б.

— Адчыні. Зрабі хоць адну добрую справу. З душы грэх скінеш.

— Ха-ха-ха… — зарагатаў Палын. Радуецца. Будзе чым перад Казімірам Міронавічам пахваліцца. Што ж рабіць? А калі?.. Я гучна сказаў:

— Палын, мы на ўсё згодныя. Памятаеш, што нядаўна нам казаў? Мы з табою заадно.

Пятрусь стукнуў мяне локцем у бок.

— Што вярзеш? Хочаш ведзьмаком стаць?

— У лапці абуем. Як ён нам, так і мы яму. Клін клінам выбіваюць, — кажу паціху.

— Дайшло да вас? — крыкнуў Палын.

— Дойдзе, калі з пацукамі пасядзіш, — азваўся я.

— Даўно вас трэба было туды пасадзіць.

Няўжо Палын не адчыніць? Няўжо не паверыць мне? Чаму маўчыць? Відаць, думае, разважае.

— Адчыні. Дайшло, — не стрываў я.

— Што ж, адчыню. Калі што, назад палезеце.

Казімір Міронавіч з вас тры скуры спусціць. Бразнула зашчапка, і дзверы расчыніліся.

— Насядзеліся? — прагаварыў Палын і, убачыўшы, што дзед Мірон выходзіць, закрычаў: — Куды? Куды, стары грыб?

Пхае, упёршыся ў грудзі. Дзед Мірон пахіснуўся. Калі б не схапіўся за лесвіцу, то ўпаў бы. Не ведаю, што было б, калі б не Пятрусь.

— Пхай! Пхай! — крыкнуў ён Палыну. — Зараз і цябе разам з дзедам Міронам у скляпенні зачынім.

Палын імгненна выскачыў на двор, рукі ў бокі.

— Палохаеце? Мы ж дамовіліся.

— Няхай дзед Мірон крышку паветрам падыхае. Пасля ў скляпенні яго зачынім, — сказаў Пятрусь.

— Крышку? — пачухаў патыліцу Палын. — Няхай падыхае.

Не хоча спрачацца. Усё-ткі думае, што мы заадно з ім. Чакае, не дачакаецца, калі Казіміра Міронавіча звалім.

— Дзед Мірон, выходзьце, — сказаў Пятрусь.

— Зараз. У вочы коле. Сонца, а ў вочы коле. — Дзед Мірон выйшаў са скляпення, стаў, прыслухоўваючыся.