Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 149

Алексей Николаевич Якимович

Дык вось чаго яны хацелі! І я ад свайго роду адрокся б, і Пятрусь адрокся б. Няўжо падобнае скляпенне пабудавалі б? Няўжо і мой бацька на ланцугу сядзеў бы? Год, два, тры сядзеў бы… Сівая барада да пояса вырасла б… І ў Петрусёвага бацькі вырасла б… А мы як угарэлыя насіліся б ад вёскі да вёскі, ад горада да горада, людзей баламуцілі б.

— Дзед Мірон, вас тут кормяць? — пацікавіўся Пятрусь.

— Не дае сын ад голаду памерці. У столі акенца. На вяроўцы спускае збан вады і кавалак хлеба. Лепей я не еў бы яго…

У мяне на вачах выступілі слёзы.

— Дзед Мірон, няўжо мы ніколі не трапім дамоў?

— Мой сын не даруе вам. Праведае, што былі са мною. Вы яго не перахітрыце. У вас чыстая душа. Нездарма вас выбралі, каб сюды паслаць. Розныя нячысцікі заўжды стараюцца чыстую душу ўскаламуціць. Хто яго ведае, чаму так. Ды не будзем пра гэта. Вельмі дамоў хочацца?

— Яшчэ як! — усклікнуў я.

— Добра, што вы пра свой дом не забыліся. Добра, што ёсць любоў. Яна дапаможа вам, выведзе. І я дапамагу.

— Як? — не стрымаўся я.

Дзед Мірон не паспеў адказаць, бо там, наверсе, нешта грукнула.

— Нехта зачыніў дзверы! — у роспачы ўсклікнуў Пятрусь.

Сонца, птушкі, зеляніна…

Дзед Мірон зірнуў на нас.

— Няўжо мой сын вярнуўся?

Пятрусь узбег на лесвіцу, прыўстаў на дыбачкі і запытаў:

— Хто там?

А з-за дзвярэй данеслася:

— я. Палын. Не паслухаліся мяне. Цяпер у скляпенні з пацукамі гуляйце. Я даўно за вамі сачу.

Перахітрыў-такі нас. Схаваўся ў кустах. А мы не заўважылі, паверылі, што з ведзьмаком пайшоў.

— Вось хто вас падпілноўваў. Трэба неяк выбрацца са скляпення. — Дзед Мірон узяўся рукою за металічны абруч. — Дапамажыце мне ад гэтага ярма пазбавіцца.

— Як? — запытаў Пятрусь. Дзед Мірон тыцнуў пальцам.

— Там, у куце, ключ пад цаглінай. Прынясіце.

Апярэдзіўшы Петруся, я кінуўся ў кут. Сапраўды, ляжыць цагліна, пакрытая тоўстым слоем пылу. «Відаць, не адзін год праляжала некранутая», — падумалася.

Я прыўзняў цагліну, схапіў ключ і падбег да дзеда Мірона. Ён узяў яго, адамкнуў замок, шчоўкнуўшы адзін раз, другі, зняў абруч.

— Хлопец, падыдзі да мяне, — паклікаў Петруся.

Пятрусь спусціўся з лесвіцы.

— Вось што вам скажу, — звярнуўся да нас дзед Мірон. — Каб дабрацца дадому, трэба ісці на поўдзень. Туды, дзе сонейка. Яно выведзе вас. Ды цяжкай будзе дарога. Не кожны яе адолее. Відаць, і страху наберацеся. Але не спыняйцеся, ідзіце. Убачыце грушу-дзічку. На яе вершаліне гуслі. Мой сын іх павесіў. Калісьці на гуслях іграў сівабароды гусляр. Спакон вякоў, як найдарагая спадчына, ад бацькі сыну яны перадаваліся. Не змаўкалі, пакуль мой сын у гусляра падманам іх не забраў. Павесіў на дзічцы, а гусляра са свету звёў. З таго дня і пачаў вядзьмарыць. Не стала музыкі, не стала песень. Многа летаў наш народ гэтыя песні складаў. Калі зноў пачуе, то абудзіцца. Гуслі чарадзейныя, незвычайныя. Калі дакрануцца да іх, правесці па іхніх струнах, то загудуць, зайграюць, разбудзяць усіх тых, каго вядзьмак зачараваў. Прачнуцца людзі, спадуць чары. Зноў успомняць пра свой род, будуць жыць весела, у згодзе.