Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 148

Алексей Николаевич Якимович

— За што вас так? — вырвалася ў Петруся. Стары паціху сказаў:

— Пасля пра гэта. Як вас сюды прынесла?

— Мы не па сваёй волі,— адказаў я. — Нас прывёў Казімір Міронавіч.

Стары падняў галаву.

— Мой сын?

— Ён ваш сын? — усклікнуў Пятрусь.

Я глядзеў на старога і не верыў. Хіба магчыма, каб родны сын бацьку ў скляпенні прыкаваў? Бацька яго гадаваў, на руках няньчыў, першым словам вучыў. За што ж так?

— Мяне дзедам Міронам зваць, — прагаварыў стары. — Сорамна прызнавацца, што родны сын на ланцуг пасадзіў. Прадаўся ён і ўсё прадаў.

— Каму? — запытаў Пятрусь.

— Паганаму чорту. У нашым родзе ўсе з мазаля жылі. Аралі, сеялі. Ніхто зла людзям не чыніў. А гэты… Калі сваю душу чорту прадаў, то мяне выракся. Цяпер з нячысцікамі знаецца. За іх гарою стаіць. Яны для яго найдарожшыя.

— Чаму ён сваю душу прадаў? — прамовіў Пятрусь.

— Чорт паабяцаў, што багацце дасць, калі ад бацькі адмовіцца, калі ад свайго народа адрачэцца, калі пра свае песні забудзецца. Прысягнуў сын, а чорт яго вядзьмарству навучыў, чарам самым лютым.

Ад народа адрокся гэты Казімір Міронавіч. Хто ж ён? І чортам не стаў, і чалавекам таксама не стаў. Няўжо стаіць вось так, пасярэдзіне? Не то чорт, не то чалавек, не то яшчэ хто. Бацьку ў скляпенне, бацькавы песні пад замок…

— Яму палац чорт пабудаваў? — перапыніў мае думкі Пятрусь.

— На касцях нявольнікаў. Раней у нас як было? Смяяліся, песні спявалі. У адным канцы пачнуць, а ў другім падхопяць. Чорт сыну ўвёў у вушы: «Зрабі так, каб людзі забыліся пра свае песні, пра свой род. Адразу іншымі стануць. Дзе абыякавымі, дзе баязлівымі, дзе свой гонар страцяць.

З іх тады зможаш вяроўкі віць». Паслухаўся сын чорта, злому навучыўся ад яго, пачаў вядзьмарыць, людзей ад памяці адбіваць. У адным казачным царстве сталі абыякавыя, пра сумленне забыліся, у другім гонар страцілі, свайго памагатага Іванку на іхні трон узвёў. Жывуць, ні роду, ні племені свайго не памятаюць. Цяпер сын, як мне здаецца, зноў кудысьці папёрся. Нядаўна сам казаў, што папрэцца. І там пачне круціць.

Вось яно што! У тых гарадах, дзе мы былі, людзі ад свайго роду адракліся, забыліся пра яго. Жывуць без памяці.

— Хто вы? Адкуль? — запытаў дзед Мірон. — Бачу, што не тутэйшыя.

— Доўга расказваць. Не ведаю, з чаго пачаць, — прамовіў Пятрусь.

— А ты пачні,— падахвоціў дзед Мірон. Пятрусь сеў каля сцяны і пачаў расказваць. Пра

ўсё-ўсё расказаў. Як жылі мы ў нашых Азарычах, як чыталі пра іхняе казачнае жыццё, як Мірон Казіміравіч нас у казку адправіў, як Казімір Міронавіч хацеў вядзьмарству навучыць. Расказаў і пра той горад, дзе жывуць абыякавыя, і як з Саўкам у прафілакторыі сядзелі.

Выслухаў дзед Мірон, прагаварыў:

— Кажаш, што хацеў збажыну загубіць?

— Але, — сказаў Пятрусь. — Чаму? Тыя людзі і так у ягоных руках.

— Стрэліла яму ў галаву. Добра, што вы не сталі чорную кнігу чытаць. І ў вас завяліся ліхія людзі. Ваш Мірон Казіміравіч кропля майго сына. Не скажу як, але праведалі яны адзін пра аднаго. Нейкім чынам дамовіліся, каб і ў вас падобныя парадкі завесці. Калі б навучыў вядзьмарству, то паслаў бы вас людзей дурманіць. Каб вашы людзі ад свайго роду адракліся, каб сталі кратамі сляпымі.