Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 139

Алексей Николаевич Якимович

— Трэба ўцякаць адгэтуль, — сказаў Пятрусь. — Не сёння, дык заўтра.

— Каменьчыкі шукайце. Пан Бадзей на нас пазіае. Бачыць на т'ы сажні пад зямлёй, — сказаў Саўка.

— Знайшоў! — раптам усклікнуў хлопец, які шукаў непадалёку ад нас. — У мяне той каменьчык, які згубіў наш народны цар Іванка.

Хлопец падбег да пана Бадзея, працягнуў каменьчык.

— Прываліла шчасце, — прамовіў хтосьці.

Ды дарэмна ён пазайздросціў. Пан Бадзей узяў каменьчык і штосілы шпурнуў яго.

— Боўдзіла! — закрычаў, шалеючы. Хлопец, мусіць, пачаў даказваць нешта сваё, бо пан Бадзей затупацеў нагамі.

— Кураня курыцу вучыць? Ды я… Я цябе ў трубе закатую…

Сказаў дык сказаў! Каб у трубе закатаваць, трэба туды залезці, сесці адзін каля аднаго.

— Боўдзіла! Ёлупень! Хіба нашаму народнаму цару Іванку такія каменьчыкі патрэбны? На мыла адпраўлю.

Хлопец пераступіў з нагі на нагу.

— Які той каменьчык? Скажыце. Шукаем, а не ведаем што.

— Знойдзеш! Згнаю-у!..

Хлопец, сагнуўшыся, пацягнуўся назад. А на пляцы з усіх бакоў:

— Ха-ха-ха…

Смяюцца. Са свайго. Радуюцца. Дык яны, нявольнікі, адзін аднаго на ражне бачылі б.

— Трэба ўцякаць, — сказаў Пятрусь.

Ні стуль ні ссюль вытыркнуўся каратканогі. Той самы, які на Саўку данёс.

— Данясу.

І тут… (гэтага я не чакаў) да яго рвануўся Саўка.

— Не-э…

— Данясу.

— На калені пеад табою стану. Хочаш?

— Данясу, — каратканогі павярнуўся і пабег. «Яшчэ адзін хвост ад селядца заслужыць», — падумаў я.

Паэт Карней у прафілакторыі

Нас зноў пастроілі па тры ў рад. Пан Бадзей зыркнуў вачыма.

— Некаторыя з вас хочуць уцячы. Калі сабака ўцякае, то яго прывязваюць. Так прывязваюць, каб не сарваўся. У добрага гаспадара заўжды добры аброжак і добры ланцуг. У нас таксама гэткага дабра хапае.

Я з нянавісцю глядзеў на яго. Выматвае кішкі. Лічыць, што мы сабакі. «Сам ты сабака. Астрыжаны і бясхвосты», — рупіла крыкнуць мне. І абавязкова крыкнуў бы, калі б на пляц, засопшыся, не ўляцеў Сіні Нос.

— Паэт Карней ідзе, — гукнуў ён. — Будзе свае вершы чытаць.

Пан Бадзей ураз перамяніўся. Ягоны твар выцягнуўся, як лісіная морда.

— Сам паэт Карней ідзе. Хоча пацешыць вас, ёлупняў. Каб у ладкі дружна пляскалі. Хто не будзе пляскаць, таму так плясну, што зваліцца.

З-за рога барака паказаўся паэт Карней. Пан Бадзей пайшоў яму насустрач.

— Добры дзень паэту Карнею, — здаля прывітаўся.

А паэт Карней у адказ:

— Добры дзень пану Бадзею. Слаўлю, слаўлю гэты час, калі ўбачыў вас.

Пан Бадзей усміхнуўся, нібы яму зорку з неба дасталі, далі.

— Паэт Карней без вершаў не можа жыць.

— Хоць нялёгка ношка гэта, ды радзіўся я паэтам, — прагаварыў паэт Карней.

Пан Бадзей узяў яго пад руку, падвёў да нашай калоны. Паэт Карней выняў з кішэні хусцінку, выцер успацелы лоб.

— Дарагія мае! Суайчыннікі! Вы, вядома, ведаеце мяне. Ведаеце?

У адказ дружна запляскалі ў ладкі.

— Дзякую, дарагія! Дзякую, суайчыннікі! Я прыйшоў да вас, каб прачытаць свае вершы. Паслухайце верш-карацельку.

Слава, слава валадарам, Бо даюць свабоду вам.

Паэт Карней думаў, што зноў запляскаюць у ладкі. Ён нават уперад падаўся, прыслухоўваючыся. Але людзі стаялі моўчкі, апусціўшы вочы. Нават такія, як каратканогі даносчык.