Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 141
Алексей Николаевич Якимович
— Ну, што? Цяжка падабраць рыфму? — сказаў паэт Карней. — Вершы складаць — не тварыкі сонцу падстаўляць.
— Не бойся ты чарцей, — гукнуў Пятрусь.
— Вельмі кепска, — скрывіўся паэт Карней. Не даспадобы, што Пятрусь рыфму падабраў.
Яму думаецца, што мы з каменнага веку.
— Няхай жыве Карней, — крыкнуў каратканогі.
Паэт Карней увесь засвяціўся.
— А гэта някепска.
Вельмі захацелася мне, каб ён горкую пілюлю праглынуў. Фанабэрыцца. Стаіць, як певень. Калі б было пер'е, то распусціў бы. Што ж зрабіць? Абазваць? Непрыгожа. А калі верш пра яго скласці, каб пачынаўся з гэтых «гэй, гэй, гэй»? Зноў скрывіцца. Трэба скласці, трэба. Ага, нешта рыфмуецца… Зараз паскачаш.
Я падняў угору руку, як у школе ў час урока.
— Можна мне рыфму падабраць?
— Паспрабуй.
— Я верш прачытаю.
— Паспрабуй. Папасмяёмся.
Я выйшаў з калоны і на ўвесь голас, каб усе чулі, пачаў:
Я прыпыніўся, каб перадыхнуць, а Пятрусь нечакана гукнуў:
— Лаві курэй!
Паэт Карней вытрашчыў вочы так, што, я думаў, яны вылезуць. Пасля як тупне нагою!
— Мяне сам народны цар Іванка паважае! А тут… А гэтыя…
Да ягонага пляча дакрануўся рукою пан Бадзей.
— Не хвалюйцеся. Мы вас усе паважаем. Гэтыя ў мяне і застогнуць, і заенчаць. Я на іх даўно зуб тачу.
Кажа спакойна, а сам свідруе нас вачыма. Вочы халодныя-халодныя.
— Хлопчыкі, падыдзіце да мяне. Бліжэй. Мы з Петрусём выйшлі з калоны.
— Гонару ў вас многа. Саўка вам на вушка нашэптвае, падбухторвае. Саўка з таго свету, падыдзі сюды! — загадаў пан Бадзей.
— Я яго выведу, — гыркнуў стражнік Сіні Нос. Краечкам вока я заўважыў, што ён схапіў Саўку за плячо, штурхнуў. Саўка, не стрымаўшыся, упаў. Пятрусь узяў яго за руку, дапамог устаць, прамовіў:
— Не бойся, Саўка.
Пан Бадзей з нянавісцю глянуў на нас.
— Гонару многа? Вытрыце ручкамі мае боты. Прызначаю вас выціральшчыкамі маіх ботаў.
Хоча ў гразь утаптаць. Перад усімі. Не дачакаешся. Можаш біць, можаш забіваць.
— Доўга чакаць? Вытрыце. Беленькімі ручкамі.
— Я выт'у, — падаў голас Саўка. — Пан Бадзей, дазвольце мне. Яны не ўмеюць.
Добрая душа Саўка. З-за нас перад гэтым будзе на каленях поўзаць.
— Саўка, не трэба, — сказаў я. І пан Бадзей сказаў:
— Не трэба, Саўка з таго свету. Для цябе што-небудзь іншае прыдумаю. Няхай яны вытруць. Чым аўчыну больш камечаць, тым яна лепшая.
— Выцірайце! — усклікнуў паэт Карней.
Аж падскоквае ад нецярпення. Чакае нашай ганьбы. Не дачакаешся. Не станем выціраць. Ты, калі б прыйшлося, выціраў бы, на каленях поўзаў.
— Вытраце. Пастаўлю на сваім, — працадзіў праз зубы пан Бадзей.
Да яго падбег стражнік.
— Пан Бадзей, нам паведамілі, каб хлопчыкаў і Саўку прывялі да яго вялікасці народнага цара Іванкі.
— Шкада, — прамовіў пан Бадзей.
— Я завяду. Можна? — выцягнуўся перад ім Сіні Нос.
Пан Бадзей махнуў рукою.
— Вядзі.
А паэт Карней плаксівым голасам праказаў:
— З рук выпускаем…