Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 140

Алексей Николаевич Якимович

Паэт Карней азірнуўся, як воўк, якога абклалі.

— Прачытайце яшчэ верш-карацельку, — падахвоціў яго пан Бадзей. — Не дайшло да іх.

Паэт Карней адным духам выпаліў:

Радуйся, народ. Капай агарод, Каб расло, буяла, Каб спела, красавала.

На гэты раз запляскалі ўсе як адзін. І я пляскаў, не шкадуючы далоняў. Смешным здаўся мне гэты вершык. Смешны быў і паэт Карней, які яго прыдумаў.

Калі ў калоне крыху супакоіліся, паэт Карней аб'явіў:

— Цяпер прачытаю верш, прысвечаны вашаму прафілакторыю.

Зноў людзі апусцілі вочы. А паэт Карней, не заўважаючы гэтага, усклікнуў:

Вы народ, і я народ, Хоць вам жывецца без клапот. Ноччу вам даюць паспаць, Днём пускаюць пагуляць.

Во дае! Цэлым народам сябе лічыць. І як такое ўлезла яму ў галаву? Лічыць, што тут жыццё бесклапотнае, што гуляем, нібы па праспекце. Вось каб сам пахадзіў па вострых каменьчыках. У некаторых нявольнікаў усе падэшвы ў крыві. Зноў ноччу будуць стагнаць. Складае свае вершыкі, лежачы ў ложку.

І насмажаць, і навараць, І у лазні вас папараць. Вас пускаюць загараць, Тварык сонцу падстаўляць.

Не сонцу, а пану Бадзею. Каб рэзнуў. Насмажаць, навараць… Яго б сюды хоць на адзін тыдзень. Пайшоў бы па розум у галаву, калі б пасмактаў хвост ад селядца.

А прырода тут такая, Што проста вочы адбірае. Ветрык ціха тут бяжыць, Не шалее, не крычыць. Пан Бадзей вас дужа любіць, Калі трэба, прыгалубіць. Пра сябе зусім не дбае: Доля ў беднага такая.

Пан Бадзей заківаў галавою. Цікава, што паэт Карней папросіць у яго за свае вершыкі? Проста так не прывык чытаць. Мабыць, мы сёння і хвастоў ад селядцоў не ўбачым.

Трэба й вам яго любіць, Трэба й вам ім даражыць. Не бурчаць і не спрачацца, А прыязна ўсміхацца. Вось і я ўсю ноч стараўся, Калі верш пісаць узяўся. Але ўсё-ткі напісаў, Ад душы вам прачытаў.

— Ура паэту Карнею! — загарлапаніў пан Бадзей.

— Ура-а!.. — падхапілі стражнікі.

І ў нашай калоне найбольш старанныя закрычалі:

— Ура-а!..

Паэт Карней паднёс да вачэй хусцінку.

— Дарагія мае! Суайчыннікі! Цяпер пра сваё жыццё раскажу, сваю біяграфію вам абмалюю.

Памятаю сябе, калі яшчэ быў немаўляткам. Усе дзеці плачуць як прыйдзецца. А я плакаў па-асабліваму, у рыфму. Пасля сваімі ножкамі патупацеў. І таксама пачаў хадзіць не так, як усе, а ў рыфму.

— А яму някепска жывецца. У рыфму, — заўважыў Пятрусь.

— Неўзабаве першы верш напісаў і на ўвесь горад праславіўся. Нялёгка пісаць вершы. Асабліва цяжка рыфму падабраць. Не верыце? Падбярыце рыфму да слоў «гэй, гэй, гэй».

Здзівіў нас паэт Карней. Немаўляткам у рыфму плакаў, вучыўся хадзіць у рыфму. А цяпер просіць, каб да слоў «гэй, гэй, гэй» рыфму падабралі. З гэтых жа слоў пачынаецца карацелька, якая на прафілакторыі. Кожны нявольнік яе бачыў.