Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 138

Алексей Николаевич Якимович

Вось чаму вывеў! Выходзіць, на яго, на Саўку, данёс каратканогі. Прадаў за хвост ад селядца.

— Ты падбухторшчык. Казаў, што тут нізашто сядзяць. Так?

Саўка паціснуў плячыма.

— Мабыць, казаў.

Пан Бадзей замахнуўся кулаком.

— Дык я твой рот на замок. На свірнавы.

Саўка, як і там, на беразе возера, стаяў, угнуўшы галаву ў плечы. Як і тады, на вачах у яго выступілі слёзы.

— На замок! Каб маўчаў!

— Угу, — угукнуў Саўка.

— Бізунамі спляжым! Жывога месца не пакінем.

— Угу.

— Ты! Ты! Угукала! — твар у пана Бадзея пачырванеў.— Я цябе… Мы цябе…

— Угу.

На лобе ў пана Бадзея выступілі жылы. Здавалася, не ён крычыць на Саўку, а Саўка на яго.

— Будзеш смалу на тачцы чарцям падвозіць.

— Угу, — праз слёзы прамовіў Саўка. На яго падбародак скацілася сляза.

Чаму пан Бадзей так крычыць? На Саўку нельга крычаць. Ён жа безабаронны, як дзіця, цішэй вады, ніжэй травы.

— Ты будзеш, будзеш…

— Угу.

Дзе панская сіла, там мужыцкая спіна. Я думаў, што канец Саўку. Думаў, што пан Бадзей зараз накінецца на яго, змалоціць на горкі яблык. Але ж не. Ашчэрыўся, як сабака.

— Саўка, ты сёння міма вушэй прапускаеш. Ты яшчэ на тым свеце. Сёння не буду караць. Дачакаюся, калі адчуеш, што на гэтым. Тады прыдумаю пакаранне. Не-су-свет-на-е-э…

Саўка паціху запытаў:

— Куды мне ісці?

— Стань, дзе стаяў, і не лезь пад гарачы язык. Саўка стаў каля мяне. Ягоныя плечукі часта-часта калаціліся.

— Большую калону на школу, а меншую — шукаць каменьчыкі,— скамандаваў пан Бадзей.

Я хацеў запытацца ў Саўкі, пра якую школу і якія каменьчыкі гэты жываглот кажа, ды не паспеў. Набеглі стражнікі, сталі штурхаць нас, дзелячы на дзве калоны. Большую пагналі кудысьці за баракі, а меншую, у якой былі я, Пятрусь і Саўка, прывялі на пляц, увесь усыпаны вострымі каменьчыкамі-краменьчыкамі.

Людзі адразу ж разышліся па пляцы і, ступаючы асцярожна, бы па шкле, пачалі нешта шукаць, пільна-пільна ўглядаючыся.

— Што яны шукаюць? — пацікавіўся Пятрусь у Саўкі.

— Той каменьчык, які тут наш Іванка згубіў. Ну й прыдумалі! Дураць бедным людзям галаву.

Не верыцца, што народны цар Іванка гуляў па такім вострым каменні.

— Махляры, — не стрымаўся я. — Выдумалі пра каменьчык.

Саўка ўздыхнуў.

— Паабяцалі, што выпусцяць з п'афілактоыя таго, хто яго знойдзе.

Паабяцалі… Каб у душы надзея цеплілася. Не хочуць, каб сталі такія ж абыякавыя, як Саўка. Хочуць, каб боль адчувалі, каб не тупілася яна. Калі людзям балюча, то ім радасць. Яны нават не радасцю, а чужым болем жывуць.

Прыгадалася, як бацька расказваў пра цётку, якая жыла ў суседняй вёсцы. Хвалілася тая цётка: «Калі я з кім-небудзь пасваруся, то і паем з апетытам». Яе сварка, вядома, некаму бокам вылезе. А ёй добра, весела. І гэтыя на яе падобныя.

— Саўка, — перапыніў мае думкі Пятрусь, — куды большую калону паслалі?

— Будаваць школу для сына пана Катовіча. Ён адзін у ёй будзе вучыцца. Так пану Катовічу захацелася.

Для аднаго вучня школу будуюць! Відаць, немаленькую. Што ж сын пана Катовіча стане там рабіць? Хіба сабак ганяць? Змарнее, і першы клас не скончыўшы. Няўжо пан Катовіч не разумее, што родны сын стане няшчасным? А мо разумее, ды так хочацца яму?