Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 137

Алексей Николаевич Якимович

А яму ў адказ:

— Ура! Ура! Ура!

— Слухайце маю прамову. Цяпер-р… Цяпер-р… Цяпер я… Я ваш начальнік. Шануйце мяне. Любіце мяне. Як… Як бацьку роднага. Як маці родную. Я ваш бацька. Я ваша маці.

Што ж вярзе пан Бадзей? Які ж ён бацька? Хіба бацька прымушае ў трубу лезці? Няўжо думае, што палюбім яго? Даў жару. Выходзіць, ён бацька, а мы ўсе ягоныя дзеці. І я, і Пятрусь, і Саўка, якога нядаўна тапіў.

— Любіце! Паважайце! Чалавек чалавеку сябар і брат. Я чалавек. Я! Пра сябе так не думайце. Хто падумае, таму дам у косці. У мяне і без скрыпкі затанцуеце. Любіце. На чыім вазку едзеш, таму і песенькі спявай.

Чаго ж ён хоча ад нас? Каб любілі і баяліся? Хіба магчыма такое адначасова?

— Любіце! Шануйце! Патанцуеце… А цяпер-р… Цяпер даносы. Бягом да барака, ад барака — да мяне. Хто ўпярод, таму мёд, хто пазадзе валачэцца, таму жаба пячэцца.

Людзі, затаіўшы дыханне, пазіралі на пана Бадзея. Яны, відаць, усё зразумелі, а я анічога не разумеў. «Цяпер даносы…» «Хто ўпярод, таму мёд…» Каго будзе карміць мёдам? Няўжо даносчыкаў? Дык у нас у вёсцы кажуць: даносчыку першаму па гарбе.

Пан Бадзей махнуў рукою.

— Давай!

— Ад пана Катовіча ён навучыўся, — прамовіў Саўка.

— Чаму навучыўся? — запытаў я.

Саўка не паспеў адказаць, бо з калоны вырвалася чалавек адзінаццаць і да барака з усіх ног.

— Цэлая футбольная каманда! — усклікнуў Пятрусь.

А «футбольная каманда» чэша што ёсць сілы. Аж пяткі блішчаць. Уперад вырваўся маленькі каратканогі мужчына. Яго стараліся дагнаць, а ён яшчэ прыбавіў, усіх пакідаючы ззаду. Дабег да барака, павярнуўся і назад.

— Во дае! — вырвалася ў кагосьці.

— Бягуць наперагонкі, каб данесці,— усклікнуў Пятрусь.

Цяпер і я зразумеў, чаму яны так рвуцца. Пан Бадзей дазволіць данесці на свайго таварыша таму, хто ўсіх апярэдзіць. Выслужваюцца на вачах перад усімі. Няўжо і мы так будзем?

Каратканогі падбег да пана Бадзея, нешта зашаптаў, прысядаючы, як конь, які непамерны цяжар вязе.

У калоне, здалося мне, перасталі дыхаць. Твары ва ўсіх нібы драўляныя. Нехта ўсхліпнуў.

— Наод… Наод… — прагаварыў Саўка.

— Баяцца даносу, — прамовіў Пятрусь.

— А ты не баішся? — пацікавіўся я.

— Страшнавата, — прызнаўся Пятрусь.

І мне гэтаксама. Я стаяў як на вуголлі. Чаго баяўся? Сам не ведаю. Само гэтае слова «данос» пятлёй вісела над галавою. Я глянуў на Саўку. Стаіць, моргае вочкамі, пазірае кудысьці ўдалячынь.

Пан Бадзей паляпаў каратканогага па плячы.

— Табе за данос хвост ад селядца.

— Знойдзецца хвосцік, — вытыркнуўся наперад Сіні Нос.

Бач, які старанны. Сам селядца зжарэш. Свайго не ўпусціш. А гэтыя… З-за хваста беглі навыперадкі. На каго ж данёс каратканогі? Што, калі на мяне ці Петруся? Данос… Данос… Гадзюкаю абвівае душу, наганяе страх.

— На каго? — не вытрываў хтось з калоны.

Усмешачка на губах у пана Бадзея.

На пляцы

Пан Бадзей прайшоўся паўз калону, стаў каля Саўкі і прагугнявіў:

— Саўка з таго свету, выходзь.

Саўка ступіў наперад. Нешта бязгучна шэпчуць губы. Ці не пракляцце вымаўляюць яны? А мо просяць аб літасці?

— Саўка з таго свету, ты падбухторшчык, — працадзіў праз зубы пан Бадзей.