Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 136
Алексей Николаевич Якимович
Я падскочыў. А гэтае, невядомае, усё вые, вые. Няўжо сніцца мне? Дзе я?
Сцены, нары. Каля мяне Саўка, Пятрусь. Выходзіць, у бараку я. Што ж так вые? Няўжо сто чарцей усхадзілася? Няўжо сюды і чарцей для прафілактыкі прысылаюць? Во будзе, калі сустрэнуся з чортам! Прывітаюся з хвастатым. Прывітаюся… Цьфу! Лезе ж глупства ў галаву.
— Што гэ-эта? — крыкнуў я, звяртаючыся да Саўкі.
— Сіэна! Будзяць нас.
Дома мама ласкава-ласкава просіць: «Уставай, сынок». А тут сірэну ўключаюць. Пачынаецца прафілактыка.
Гук сірэны абарваўся, сціх, быццам перарэзалі. Людзі сталі выходзіць з барака.
— Пан Катовіч т'ашчоткай будзіў, а пан Бадзей сіэнай, — прагаварыў Саўка.
— Э-эх! — уздыхнуў я.
— Бакі на нарах адмуляў? — запытаў Пятрусь.
— Горш. Душу.
— Пацярпі,— сказаў Пятрусь і звярнуўся да Саўкі: — Саўка, як ты думаеш: выцерпім?
Саўка махнуў рукою.
— Мне ўсё оўна.
— І душа не баліць?
— Адбалела.
Гэткі ж абыякавы, як і ўчора. Думае, што не на гэтым свеце. Хіба можна так?
Мы выйшлі з барака. Каля дзвярэй стаяла тачка, у якой ляжалі драўляныя міскі і лыжкі. Людзі бралі іх і ішлі далей, да вялізнага катла. Стражнік з сінім носам чэрпаў з катла нейкае варыва і наліваў у міскі тым, хто падыходзіў да яго.
Пятрусь падаў мне лыжку і міску. Я ўзяў і пасунуўся да катла. Сіні Нос (так у думках я назваў стражніка) наліваў варыва, нібы медалі на грудзі вешаў. Дый нявольнікі стаялі перад ім, быццам чакаючы ўзнагароды, выцягнуўшыся ў струнку.
Я наставіў міску. Стражнік боўтнуў у яе нейкую баланду, у якой плаваў хвост ад селядца. Мне здалося, што стражнік вельмі падобны на разбойніка, які ў Петруся прасіў закурыць. Аж падмывала, каб запытацца: «Чужыя шаравары адзеў і ходзіш як у сваіх?» Ды Сіні Нос апярэдзіў мяне:
— Чаго стаіш? Здурнеў?
— Дай закурыць, — само сабою вырвалася.
— Каб на табе шэрсць курэла! — вызверыўся Сіні Нос.
Я адышоўся, зачарпнуў лыжкай баланду. Дома такой не еў бы, калі б азалацілі. А тут… Тут хлёбаў. Ці не таму, што голад не цётка?
— Ну ты і даеш! — таўхануў мяне ў бок Пятрусь. — Курыць захацелася…
— Пятрусь, гэты стражнік — той разбойнік, які ў цябе прасіў закурыць. Не пазнаў?
— І праўда, ён! — Пятрусь патрос кулаком. — Ну, глядзі! Не дарую.
Саўка горка ўсміхнуўся.
— Тут ён вой, а не ты.
— Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім, — сказаў Пятрусь.
Многія скончылі есці, панеслі міскі і лыжкі. Мы таксама занеслі, кінулі ў тачку.
Нас пастроілі па тры ў рад. Я стаў з Петрусём і Саўкам. Сонца ўжо паднялося над баракамі, а мы стаялі, быццам прыкутыя. Прайшло, напэўна, паўгадзіны.
— Чаго чакаем? — не выцерпеў я.
— Не «чаго», а «каго», — паправіў мяне Саўка.
— Каго?
— Пана Бадзея. З сённяшняга дня ён тут начальнік. Пачне мушт'аваць.
— Саўка, ты ўсё ведаеш. Нібы век тут пражыў,— кажу.
Саўка ўздыхнуў.
— І ты будзеш ведаць, калі з маё п'ажывеш. Мы прастаялі яшчэ з гадзіну. Нарэшце бачым:
ідзе пан Бадзей. Каля яго Сіні Нос. Ні на крок не адстае, нешта на вуха шэпча, нашэптвае. Пан Бадзей толькі ўгукае, быццам рот камяком набіў.
— Вітаю вас, зладзеі без надзеі! — гукнуў, падышоўшы.