Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 123
Алексей Николаевич Якимович
Вядзьмак у рогат:
— Га-га-га… гы-гы-гы…
І Палын рагоча, аж прысядае.
— Губы не апякло? — пытаюся ў Петруся.
— З-здаецца, н-не.
— Вядома, не апякло, — прагаварыў Казімір Міронавіч. — Гэты агонь не сапраўдны. Сваё ўмельства я вам паказаў.
Здзекуецца з нас. Ведае, што галодныя. Будзе нам наедак. Не, не выйдзе па-ягонаму. Лепей з голаду спухнуць.
Я кінуў лыжку на стол.
— Самі ешце.
— Забастоўшчыкі! — галёкнуў Палын.
— Ешце. Болей так не буду, — сказаў Казімір Міронавіч.
— Не будзеце? — з недаверам зірнуў Пятрусь.
— Слова даю.
Хоць і не паверылі мы ягонаму слову, але зноў узяліся за лыжкі. З'елі суп, наеліся бульбы з агуркамі, запілі малаком.
— Вось як я жыву, — пахваліўся вядзьмак. — Ем, колькі захачу. Наемся, у цяньку паляжу. І вы будзеце так жыць, калі мяне паслухаецеся.
Зразумела, чаму за стол запрасіў. Здалёку заўважыў, што па дарозе валачэмся. Хоча купіць. Кось-кось, пакуль у аглоблі. Што ж яшчэ скажа?
— Бачылі, як агонь з лыжкі палыхнуў? І вас гэтаму навучу. Возьме які-небудзь галадранец лыжку, паднясе да рота, а з лыжкі агонь. Са страху той галадранец пад стол палезе. А вам смеху на ўвесь дзень.
Ну й злыдзень! Сам, напэўна, не працуе. Людзі на яго карак гнуць. У свой рот каўбасу, а ім агонь пад нос.
— Не выйдзе па-вашаму, — прагаварыў Пятрусь.
— Вы ж бачылі людзей. Яны за капейку павесяцца. Каго шкадуеце? Сябе пашкадуйце. Вас ніхто не пашкадуе. Дабра вам зычу.
— Не хочам такога дабра, — сказаў я.
— Не хочаце? Пацярплю. Яшчэ не дайшло да вас. Дойдзе. Ідзіце направа. Не забыліся, што напісана? Пойдзеш направа — гонар страціш. Не хочацца туды ісці? Палын, чорную кнігу нясі. Тры разы прачытаюць і ўсяму-ўсяму навучацца.
Мы з Петрусём выскачылі з-за стала.
— Ідзіце, — апёк нас вачыма вядзьмак.
— Пойдзем. Не палохайце, — прамовіў Пятрусь.
Дарога, на якую выправіў нас вядзьмак, вяла праз лес.
— І чаго Казімір Міронавіч так прычапіўся да нас? Няхай свайго Палына вядзьмарству вучыць, — падаў голас Пятрусь.
Так, нездарма вядзьмак да нас прычапіўся. То палохае, то ўгаворвае, то стараецца задобрыць. Чакае, што не вытрываем, што паддамося яму. Як жа вытрываць? Ці ўбачым мы калі-небудзь сваю вёску? Чаму такія нешчаслівыя? У іншага ўсё як па масле. А мы яшчэ школу не скончылі, а ўжо ў бутлях пасядзелі, трапілі яшчэ далей, чым на край свету.
Мы паволі цягнуліся па дарозе. Невясёлыя думкі ў галаве. І на душы так прыкра, што хоць плач.
Лес нечакана скончыўся. Мінуўшы паваротку, мы ўбачылі перад сабою горад, які раскінуўся ў нізіне. Сярод аднапавярховых дамоў, абсаджаных ліпамі, клёнамі, сям-там трохпавярховыя, мураваныя.
— Тут заможней жывуць, — прагаварыў Пятрусь.
— Ды невядома, хто тут жыве. Пойдзеш направа — гонар страціш, — нагадаў я яму.
— Будзем трымаць хвост пісталетам, — нявесела пажартаваў Пятрусь.
Што адразу кінулася ў вочы, калі прыйшлі ў горад? Доўгія брукаваныя вуліцы, дагледжаныя хаты. Чамусьці на кожнай хаце партрэты маладога кучаравага чалавека, які прыязна ўсміхаецца, як бы кажа: «Вітаю вас».