Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 124
Алексей Николаевич Якимович
— Хто гэта на партрэтах? Як ты думаеш? — запытаў Пятрусь.
— Мабыць, валадар іхняга горада, — пачаў я. Пятрусь перапыніў мяне:
— Ігнат, глянь направа! Лысы сабака пабег! Я зірнуў направа. І праўда, бяжыць каля плота сабака, увесь-увесь астрыжаны. Як гаворыцца, ад галавы да хваста.
— Можа, гэта не сабака? Можа, у іх авечкі падобныя на сабак? — кажу.
— Зараз праверым. — Пятрусь знайшоў камень, шпурнуў.
Тая жывёліна як падскочыць! Адбеглася і загаўкала:
— Гаў-гаў-гаў…
— Сабака-а-а… — прамовіў я.
— Яшчэ адзін лысы сабака бяжыць, — крыкнуў Пятрусь.
Але, вылецеў з падворка і панёсся праз вуліцу. Гэткі ж, як і першы: астрыжаны. Хвост тонкі, як у свінні.
Вось табе і маеш! Што ж выходзіць? Тут сабак, як авечак, стрыгуць. Няўжо ўсіх па парадку?
Пра гэта мы маглі б запытацца ў каго-небудзь з гараджан, але цяпер, каб не ўліпнуць у якую-небудзь гісторыю, нават не віталіся. Памяталі, як нас нядаўна сустракалі.
— Сабак стрыжэ той, хто на партрэтах. Партрэты паразвешвалі, каб яго добра запомнілі ў твар, — выказаў здагадку Пятрусь.
— Ён сабачы цырульнік?
— Відаць. Можа, адзіны на ўвесь горад. Іхняя знакамітасць.
«Кхе», — кхекнуў хтосьці ззаду. Я азірнуўся: маленькі, кругленькі мужчына перад намі стаіць. «Сапраўдны чалавек-шар», — падумалася пра яго.
— Чаго вам трэба? — запытаў я. Чалавек-шар прыжмурыў вочкі.
— Вы адкуль?
Сказаць праўду? Каб праўда, як не раз было, нам бокам не вылезла. Калі яны сваіх сабак стрыгуць, то і нас не пашкадуюць.
— Адтуль, — махнуў я рукою.
— Адкуль адтуль?
— Адкуль і ўсе людзі.
Чалавек-шар адкрыў рот, каб яшчэ пра нешта запытацца, ды Пятрусь апярэдзіў яго:
— Вы хто такі? Чаму мы павінны вам сваю аўтабіяграфію расказваць?
— Я пан Бадзей.
— У вас тут усе паны? — пацікавіўся я. Пан Бадзей кашлянуў у кулак.
— Што вы! Хто ж рабіў бы, калі б усе былі панамі?
Вось як у іх. Людзей быццам сцяною падзялілі.
Па адзін бок паны, а па другі бок тыя, хто горб гне. Такім, як гэты Бадзей, відаць, даспадобы.
— Чаму ў вас сабак стрыгуць? — не сцярпеў Пятрусь.
— Горача неастрыжаным.
Нешта новенькае. У нас ёсць сабакі такія касматыя, што і вачэй не відаць. І не адзін ад гарачыні не сканаў. Носяцца як шалёныя. Няўжо іхнія не такія, як нашыя? Хацеў я запытацца пра гэта ў пана Бадзея, ды ён паведаміў нам:
— Яго вялікасць народны цар Іванка загадаў, каб стрыглі сабак.
— Хто-о? — наставіў вуха Пятрусь.
— Яго вялікасць народны цар Іванка.
— Гэта ваш валадар?
— Наш. Нікому яго не аддадзім.
Я слухаў і сваім вушам не верыў. Пан Бадзей кажа, што народны цар у іх. Вядома, у казках шмат цароў. Але каб былі народныя?! Пра народных не чытаў. Звычайна ўсе цары з народа тры скуры дзяруць. Хіба гэты такі добранькі? Кажа, што нікому яго не аддадуць. Няўжо яго хочуць украсці, у іншую дзяржаву забраць? За што ж яму такая пашана? Няўжо за тое, што загадаў, каб сабак стрыглі?
— Наш народны цар Іванка заўсёды з намі,— прагаварыў пан Бадзей.
Пятрусь азірнуўся ў адзін бок, у другі.
— Дзе ж ён? Не бачу.