Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 125

Алексей Николаевич Якимович

— На партрэты глядзі, ёлупень.

Дык вось яно што! На партрэтах іхні цар Іванка. А мы думалі, што сабачы цырульнік. Партрэты паразвешвалі, каб людзі штодзень яго бачылі, каб ведалі, што побач.

— Ваш цар вельмі малады. Ён яшчэ халасцяк? — ці то жартам, ці то ўсур'ёз сказаў Пятрусь.

— Што? — насупіў бровы пан Бадзей. — Вы… Вы нашага народнага цара Іванку сабакам абазвалі.

— Хлусня, — усклікнуў я.

— Не. Абазвалі, смяяліся з яго, вакол народ сабраўшы.

Махлюе і не змаргне. Ну й прайдзісвет! Няўжо ўсе паны махляры, прайдзісветы? Хіба без махлярства не могуць жыць? Хіба такі іхні хлеб? Трэба ўцякаць, пакуль за шкірку не ўзялі.

— Пан Бадзей, нам няма калі з вамі стаяць, — прагаварыў я.

Пан Бадзей выхапіў з кішэні свісток і прарэзліва свіснуў. Перад намі, як з-пад зямлі, вырас здаравяка ў шырокіх шараварах з крывою шабляю на поясе. «Пан Бадзей — сапраўдны чалавек-шар, а гэты нейкі турэцкі янычар», — падумаў я, пазіраючы на яго.

— Што загадаеце, пан капітан? — раўнуў гэты янычар.

Пан Бадзей не проста пан, а капітан. Не прызнаваўся. Думаў, што языкі развяжуцца. Браў на кручок.

— Пусціце нас, — пачаў прасіцца Пятрусь. Пан Бадзей махнуў рукою.

— Стражнік, арыштаваць.

Дык гэты здаравяка царскі стражнік! Пашылі ж яму штаны. Нямала на іх пайшло тканіны. Не пашкадавалі. Шчодрыя.

— Пусціце, — прамовіў Пятрусь.

— Торбу золата. Адпушчу, — мармытнуў пад нос пан Бадзей.

Пятрусь паляпаў па кішэнях.

— Ні капейкі няма.

— Стражнік! Арыштаваць.

— Куды вы нас? — запытаў я.

— У палац. Да народнага цара Іванкі. Ён мне ордэн дасць. Вядома, было б лепей, каб торбу золата.

Ордэн на грошы памяняў бы. Не мае гонару, хоць і капітан.

— Ужо дзяцей арыштоўваюць! — данёсся да нас жаночы вокліч.

— Хто сказаў? — тоненька піскнуў пан Бадзей. Людзі хто куды. Нібы ветрам здзьмула. Во!

І астрыжаны сабака пабег. Уцякае, як з прывязі сарваўшыся. Што ж тут дзеецца?

— Пан Бадзей, вы нават сабак паразганялі,— не стрываў Пятрусь.

— Стражнік! У палац іх. Усё скажуць, як прыціснем, — пырснуў слінай пан Бадзей.

Стражнік, штурхаючы, пагнаў нас перад сабою.

Народны цар Іванка

Палац, у якім, як мы здагадаліся, жыў народны цар Іванка, быў белакаменны. Перад уваходам стаялі скульптуры львоў, ваўкоў, мядзведзяў з выскаленымі пашчамі.

Нас прывялі ў вялізную залу, аздобленую золатам, каштоўнымі камянямі. Пасярод залы, за круглым сталом, сядзелі тры чалавекі і гулялі ў карты, гучна ляпаючы імі па стале. Асабліва стараўся адзін з іх, каля якога ляжала карона.

— Народны цар Іванка, — шапнуў мне Пятрусь, паказваючы на яго вачыма.

Кажа, што Іванка. Але ж на партрэтах малады. А тут зусім стары: твар маршчыністы, галава лысая.

— Чаму цар тут стары? — вырвалася ў мяне ўголас.

Пан Бадзей штурхнуў мяне ў бок.

— На партрэтах яго вялікасць намалявалі такім, якім быў у маладосці.

Вось як прыдумаў гэты народны цар! Хоча, каб болей любілі яго, няйначай. Бач, які карцёжнік. Лупіць картамі па стале, не зважае, што мы стаім.

— Давай! Давай! Сып яму! — крыкнуў народны цар Іванка.

Справа ад цара сядзеў маленькі дзядок. Такому толькі за кій трымацца. І галава, і рукі трасуцца.