Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 120
Алексей Николаевич Якимович
Вядома, халодная печаная бульба не такая, як гарачая, але ж і гэта наедак, калі ані ў зуб.
— Цяпер пойдзем у горад? — запытаў я, калі падсілкаваліся на скорую руку.
Шчыра скажу. Не хацелася туды ісці. Вядома, там людзі. Але ж яны нават не вітаюцца. Зноў хадзіць і ў рот пазіраць?
— Але, у горад, — сказаў Пятрусь. — Можа, пакажуць тыя гараджане дарогу дамоў. Можа, яны не такія, як учора. Што, калі ўчора на іх магнітныя буры падзейнічалі?
Канешне, магнітныя буры дзейнічаюць на чалавека. Пра гэта шмат пішуць. Людзі чытаюць, разважаюць. Аднаго разу цётка Ганна, начытаўшыся, прыбегла да нас і на ўвесь голас закрычала: «На майго Шарыка магнітная бура падзейнічала! Учора гаўкаў як шалёны, а сёння толькі пазяхае». Вось як бывае, калі начытацца, калі ўзяць у галаву.
А ў прыродзе шмат загадак. Ёсць мясціны, пра якія на ноч лепей не ўспамінаць. Напрыклад, мора Д'ябла, як называюць яго між сабою маракі. Яно знаходзіцца ў трапічных шыротах між Японіяй і Філіпінамі. Ужо некалькі стагоддзяў там прападаюць караблі, няма ні кітоў, ні дэльфінаў, ні нават альбатросаў. Не мора, а нейкая водная пустэльня. Вучоныя кажуць: ад таго, што магнітныя буры там асабліва на ўсё жывое ўздзейнічаюць.
Мажліва, падзейнічалі яны і на гэтых людзей. Вось і сталі абыякавыя, злосныя…
— Пятрусь, трэба праверыць тваю гіпотэзу, — сказаў я.
Мы, перагаворваючыся, накіраваліся ў горад. Мне карцела хутчэй.
«Як там людзі? — думалася. — Мо акрыялі? Мо сустрэнуць нас як гасцей?»
Ды дарэмна я спяшаўся. Паўтарылася ўчарашняе. Як гаворыцца, ні малы, ні стары добрага слова нам не сказаў.
Нарэшце ўбачылі купку людзей, якія, цесна збіўшыся, аб нечым гаманілі.
Мы падышлі бліжэй, праціснуліся наперад і сваім вачам не паверылі. У ручаі, які цурчэў, выбягаючы з агародаў, ляжала маленькае жоўтае кураня. Вада, пэўна, вынесла яго на водмель, і яно намагалася ўстаць, трапечучы мокрымі крылцамі. А людзі на ўсе лады, без жартаў:
— Утопіцца ці не ўтопіцца?
— Не ўтопіцца. Вунь колькі яго несла. Не ўтапілася.
— Жывучае.
— Мне думаецца, што ўтопіцца.
— Паглядзім. Няхай патрапечацца.
Сабраліся і дзівам дзівяцца, гадаюць, ці ўтопіцца. Не, не магнітная бура на іх падзейнічала. Тут нешта іншае.
Я павярнуўся да мужчыны ў гадах, які стаяў побач.
— Кураня зусім маленькае. Трэба ратаваць яго.
— Не маё, — буркнуў ён.
Кураня, страпянуўшыся, перавярнулася на спіну. Вада падхапіла яго, панесла, куляючы. Людзі загулі:
— Даскакалася.
— Цяпер утопіцца.
— Няхай бы курыцы пільнавалася. Пятрусь, апярэдзіўшы мяне, кінуўся да ручая, схапіў кураня ў рукі, прыціснуў да грудзей.
— Цяпер не ўтопіцца, — сказаў хтосьці. Людзі сталі разыходзіцца. Пятрусь прысеў на траву, пагладзіў мокрую спінку кураняці.
— Бедненькае! Нацярпелася.
— Куды цяпер яго? — запытаў я.
— Няхай абсохне. Пусцім каму-небудзь на падворак. Калі ўбачаць на сваім падворку, то не скажуць, што не маё. Выгадуецца.
Я папрасіў:
— Дай патрымаць.
— Бяры, — сказаў Пятрусь.
Я асцярожна ўзяў кураня ў рукі. «Тук-тук, тук-тук-тук…»— забілася пад рукою маленькае сэрца.