Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 106
Алексей Николаевич Якимович
«І-і-і… І-і-і…» — прарэзліва данеслася з-за кустоў, з-за дарогі, якая вяла направа, праз жытнёвае поле. Здавалася: кагосьці, прывязаўшы, жыўцом рэжуць.
— Што гэта? — запытаў я.
— Н-не в-ведаю, — зніякавеў Пятрусь.
А з-за кустоў зноў данеслася: «І-і-і… І-і-і…» Хацелася затуліць вушы, хацелася кінуцца на злом галавы, каб толькі не чуць гэтага.
— Можа, міліцыянер у свісток свішча? Можа, тут такія свісткі? — у роспачы прамовіў я.
— У казках няма міліцыянераў,— сказаў Пятрусь. — У казках могуць быць стражнікі.
— Пятрусь, стражнікі свішчуць. Трэба паварочваць аглоблі.
«І-і-і, і-і-і…» — рэзнула ў вушы.
— Так не свішчуць, — сказаў Пятрусь. — Нехта енчыць. Нехта ў бяду трапіў.
— Яму трэба дапамагчы? — ледзь раскрываючы вусны, прамовіў я.
Пятрусь азваўся плаксівым голасам:
— А калі ўцячы?
Можна ўцячы. Павярнуўся і бяжы. Але пасля папамучышся. «Пабаяўся. Не дапамог. Эх, ты!» — будзе тахкаць у галаве. Усюды, куды ні пойдзеш. Ценем будзе цягацца за табою тваё страчанае сумленне.
Я, як і Пятрусь, плаксівым голасам праказаў:
— Трэба дапамагчы.
Мы павярнулі направа, а гэты невыносны енк яшчэ мацней: «І-і-і… І-і-і…» Не па-чалавечы.
— Нейкі сабака трапіў у пастку. Вось і пішчыць, — выказаў я здагадку.
— Можа, — кіўнуў галавою Пятрусь. Я расхінуў куст.
— А-а-а… — вырвалася з маіх грудзей.
На суку альшыны, якая ўзвышалася над кустом, вісеў пацук, вялізны, чамусьці карычневы. З ягонага перарэзанага горла паволі капала кроў. Не, не на зямлю. На круглы бохан хлеба, які ляжаў пад кустом.
Я заўжды адчуваў агіду і страх, калі бачыў пацукоў. Памятаю: калі вучыўся ў чацвёртым класе, аднаго разу адчыніў дзверы з сяней — а ад плота ў сені пацук бяжыць. Як і гэты, вялізны, тоўсты. Нават, здалося мне, касматы. Я імгненна зачыніў дзверы, налёгшы плечуком. Стаяў, як скамянелы, трымаючы дзверы з усёй сілы. Пасля, набраўшыся смеласці, высунуў нос, глянуў адным вокам. На шчасце, пацука на падворку не было. Інакш я і бацьку ў хату не пусціў бы.
І цяпер, наставіўшы рукі, я стаў адступацца назад. Чаго найбольш жадаў? Каб тоўстая жалезная сцяна вырасла між мною і пацуком.
— Стой! — схапіў мяне за руку Пятрусь.
Не спускаючы вачэй, як загіпнатызаваны, я глядзеў на пацука і бохан хлеба. «Кап», — на скарынку, расцякаючыся, капнула чырвоная кропля. І адразу ж пачулася прарэзлівае: «І-і-і… І-і-і…»
Пятрусь падскочыў, адкінуў бохан убок. Жудасны піск сціх. Адразу, нібы голас з радыёпрадуктара, калі штэпсель з разеткі выцягнуць.
«Кап», — ужо на зямлю капнула чырвоная кропля. Я са страхам чакаў, што зноў пачую піск. Ды не, не пачуў.
— Глянь на поле! Дзіва! — усклікнуў Пятрусь.
Але, дзіва. Кволыя сцябліны, нядаўна пераламаныя, на вачах уставалі, каласы наліваліся важкім зернем.
— Казка! — усклікнуў я. — Усё-ткі мы ў казцы?
— Як бачыш, — сказаў Пятрусь.
У казцы. Выходзіць, яна не толькі ў думках. Выходзіць, яна не фантазія, а рэальнасць. Не верыцца. Але ж жытнёвае поле на вачах ажыло.