Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 104

Алексей Николаевич Якимович

Побач, у другой бутлі, скурчыўшыся, сядзеў Пятрусь.

— Ігна-а-т, трымайся-а!.. — гукнуў ён. Трэба трымацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі.

Слязьмі гору не паможаш. Пракляты Мірон Казіміравіч! Няўжо хоча закансерваваць?

Я з усёй сілы стукнуў нагою на шкле. Шкло нават не зазвінела. Быццам жалезнае.

— Дарма стараешся, — нагнуўся над бутляю Мірон Казіміравіч.

Стаіць як здань, усміхаецца. І Ландыш крывіць губы. Радуюцца. Іх верх.

— Хлопчыкі, хутка будзеце ў казцы. Уключаю, — крыкнуў Мірон Казіміравіч.

Пачуўся гучны шчаўчок, і ўнізе, пад бутляю, успыхнула полымя. Праз імгненне яно абхапіла ўсю бутлю. Вакол прагныя чырвоныя языкі. Цягнуцца, нібы рукамі да горла.

Хочуць жыўцом засмажыць. Загінем! Дык гэта не людзі. Гэта старажытныя інквізітары. Нават горшыя за іх.

— Хлопчыкі, выбачайце, што так выйшла, — крыкнуў Мірон Казіміравіч. — Мне трэба правесці эксперымент.

— Выпусціце-э!.. — галёкнуў я.

— Не магу-у!.. Я вучоны. Тэорыя без практыкі нішто. Вам у школе казалі. Павінны зразумець мяне-э…

Пад нагамі затрашчаў жоўты парашок. Дало ў нос гарэлым. Жоўтае полымя абхапіла мяне. Здалося, што тлее кашуля.

— Ма-ма-а! — галёкнуў я.

— Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Веру, што будзеце ў казцы! Начамі не спаў!

— А-а-а!.. — заенчыў я.

— Хлопчыкі-і!.. Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Я адчуў, што кудысьці лячу. Перад вачыма затрапятаўся тонкакрылы матылёк.

Частка другая

Не чуць і не бачыць

Кроў на бохане хлеба

Мне здавалася, што лячу ў паднябессі. Паволі, нібы бусел, які лунае, распрастаўшы крылы. Маімі крыламі былі рукі. Я час ад часу ўзмахваў імі, рассякаючы пругкае паветра. А пада мною — зямля. Без канца, без краю. Пагоркі, лясы, азярынкі…

Добра, слаўна на душы. Над самай галавой белая хмарка. Белая-белая, нібы вата. Плыве… Карціць дакрануцца, дацягнуцца да яе хоць кончыкамі пальцаў. Хмарка плыве, адплывае, узнімаецца вышэй. Так хочацца дакрануцца! Я падскочыў, ды раптам крык: «Ігна-а-т…» Хмарка ўздрыганулася, напалоханая, і — вышэй, вышэй… Ужо не дастаць, не дацягнуцца. Хто ж яе напалохаў? Хмарка, не ўцякай, пачакай. Чаму ты такая баязлівая?

«Ігна-а-т…» — зноў крык. Хмарка, охнуўшы, быццам жывая, па-чалавечы, растала знічкаю.

Хто ж крычыць, хто кліча мяне? Няўжо хмарка? Няўжо вярнулася?

«Ігна-а-т…» — прагучала каля самага вуха.

Гэта ж Пятрусь кліча. Схіліўся нада мною.

— Пятрусь, — ледзь чутна прамовіў я.

— Спіш. Мелодыі выводзіш. Ды яшчэ охкаеш, — сказаў ён.

Выходзіць, не ляцеў я. Прыснілася. А хацелася дакрануцца да хмаркі.

На душы стала так, што хоць плач. І я заплакаў бы, калі б не Пятрусь.

— Ігнат, уставай, — сказаў ён.

Я ўстаў. З вышыні сонца льецца, свеціць. А вакол лес. Дзе ж мы? Чаму спаў?

— Ігнат, мы не ў бутлях! Радуйся!

Пра якія бутлі ён кажа? А-а, пра тыя, што ў скляпенні. Мірон Казіміравіч… Ландыш… Жоўты парашок… Жоўтае полымя… Здалося, што зноў абхапіла… Я міжволі закрыў твар рукамі.

— Не бойся, — прагаварыў Пятрусь. — Мы не ў бутлях. Тут няма Мірона Казіміравіча і Ландыша.

Сапраўды, няма. Сапраўды, мы не ў бутлях. Пад нагамі трава. Бяжы куды хочаш. Галёкай як зможаш. І я, радуючыся, галёкнуў: