Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 108

Алексей Николаевич Якимович

— Дык… — пачаў я.

— Дык індык. Я Казімір Міронавіч. Мірон Казіміравіч жыве ў вас. Тут казка. Мірон Казіміравіч не раз сюды сігналы падаваў. Толькі я іх успрыняў, зразумеў. Мы з ім браты па душы. Мірон Казіміравіч паведаміў, што вас у казку адправіць. Трэці дзень чакаю. Вось мы і сустрэліся.

Я са страхам глядзеў на яго. Нейкі нервовы. Не любіць, калі не ў руку. З такім да двух не гавары. Ён пацуку горла перарэзаў. Знарок. Каб сябе паказаць, каб зразумелі, чым дыхае.

Пятрусь кіўнуў галавою, паказваючы на пацука.

— Ваша работа?

— Мая. — Казімір Міронавіч узяў пацука за хвост, патрымаў. Падумалася: зараз плясне мне ці Петрусю пацуком па твары. Не. Шпурнуў убок. Пасля крануў нагою бохан.

— Вы хлеб адкінулі?

— На яго кроў капала, — сказаў Пятрусь.

— Кепска, што адкінулі. Няхай капала б па кроплі. Плакаў. Чулі?

— Дык гэта хлеб плакаў? — азваўся я.

— Ён. Не даспадобы, што кроў капала. Балела яму.

Хлеб плакаў… Нібы жывы. Балела. Плакаў без слёз. А гэтаму ў радасць.

— Чаму вы так зрабілі? — запытаў Пятрусь.

— Бачылі, якім было поле?

— Бачылі,— сказаў Пятрусь. — Пустыя каласкі на зямлі ляжалі.

Казімір Міронавіч, нібы спартсмен, які перасёк фінішную прамую, узняў угору рукі.

— Я так зрабіў. Мае чары зрабілі. Пацукова кроў на хлеб капала, а поле спёкай сушыла. Плакаў хлеб… Плакаў…

Ну й злыдзень! Хацеў, каб збажына загінула. Хіба мае такую сілу? Можа, проста хваліцца? Можа… Не. Мы ж у казцы.

— Калі б яшчэ крыху кроў на бохан пакапала, то не ўзняўся б хлебны каласок, — перапыніў мае думкі Казімір Міронавіч.

— Хто вы? — усклікнуў я.

— Вядзьмак.

Малекула-калекула

Пра ведзьмакоў я, канешне, чуў. Паданні-легенды пра іх і ў нашай вёсцы з даўніны засталіся. Бывае, збяруцца жанчыны і давай баяць. Асабліва часта расказвалі пра Бардуна, які жыў у Клімавічах. Што нібыта нават калекаў на ногі ставіў. Прывязуць на возе чалавека, які зусім не можа хадзіць, а ён пашэпча, нешта дасць выпіць, і чалавек як нанава на свет народзіцца. Сам ідзе дамоў. Але не толькі добрае рабіў Бардун. Прыцемкам зайшоў да яго адзін мужчына і давай смяяцца. Маўляў, не веру я табе, дурыш людзям галаву. Узлаваўся Бардун: «Сёння ж да мяне прыйдзеш, папросішся». Засмяяўся мужчына: «Чаго я да цябе поначы пасунуўся?» — «Бяда прымусіць. Калі сядзеш на лаву, тры разы ў шыбу пастукае», — прагаварыў Бардун. Развіталіся яны. Прыйшоў мужчына дамоў, сеў на лаву. Рот адкрыў, каб расказаць жонцы, што ў Бардуна быў, а ў акно тры разы запар: стук, стук, стук. Нібыта птушка дзюбай. «Чуў?» — запытала жонка ў свайго гаспадара. А ён сядзіць з разяўленым ротам, ні слова не вымавіць. Толькі галавою трасе. «Чаго рот разявіў?» — накінулася на яго жонка. Ён трасе галавою, вачыма на яе лыпае. Скумекала яна, што бяда. Давай прасіць: «Закрый рот. Закрый рот». Ён і так і сяк, нават рукою за сківіцу ўзяўся — не дасць рады, не закрываецца рот. Жонка ў плач, за руку яго, як малое дзіцё, і павяла да Бардуна. А той стаіць на парозе, чакае. «Казаў, што сёння прыйдзеш да мяне», — усміхаецца.

Я тады слухаў і пасмейваўся ў рукаў, бо пра такіх, як Бардун, нават у газетах можна прачытаць. Напрыклад, пра бабку Вангу з Балгарыі. Яна ў дзяцінстве, калі грымнула і паласнула маланка, аслепла, пасля чаго стала прадказваць падзеі, навучылася падрабязна апісваць мясціны, дзе ніколі не была. Дый у нас падобных людзей нямала. Некаторыя, не дакранаючыся, між далоняў трымаюць у паветры шарык, невядомай сілай разгойдваюць і спыняюць маятнік гадзінніка, вылечваюць гіпнозам. Мабыць, і Бардун валодаў гіпнозам.