Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 105

Алексей Николаевич Якимович

— Ура-а!.. Вырваліся!.. Мой сябар апусціў вочы.

— Вядома, вырваліся. Але ж куды заляцелі?

Я зірнуў на яго. Няўжо з тых праклятых бутляў вырваліся, нібы ядры з даўніх гармат, і аж у казку заляцелі? З агню ды ў полымя?

— Дзе мы? — пытаюся. Пятрусь пераступіў з нагі на нагу.

— Не ведаю. Я спаў, спаў. Пасля сонейка прыгрэла. Прачнуўся. Бачу, што ты спіш. Ну і давай будзіць.

— Мы не каля сваёй вёскі?

— Не. Зараз пакажу незвычайны слуп. Ідзі за мною.

Мы з Петрусём прайшлі метраў дзесяць, мінулі густыя кусты, і я ўбачыў жытнёвае поле (каласкі тут маленькія, амаль пустыя, нахіліліся да самай зямлі, быццам перабітыя ў сцябле). Ад поля разыходзяцца тры дарогі. Адна, абсаджаная бярозкамі, вядзе праз поле. На раздарожжы — дубовы слуп. На слупе — дошчачка, на якой тлустымі чорнымі літарамі напісана: «Направа пойдзеш — станеш абыякавы, сумленне страціш, налева пойдзеш — гонар страціш, проста пойдзеш — можаш не вярнуцца».

— Прачытаў? — спытаўся Пятрусь. — Дабегаліся.

Няўжо сапраўды ў казцы? Не верыцца. Казка ж — фантазія. Яе людзі прыдумалі. Яна не на яве, а ў думках.

— У казках асілкі, якія дубы карчуюць. А гэта нехта проста так напісаў,— кажу Петрусю.

— Зараз убачыш і асілка, і Бабу Ягу, і Цмока — пудзіла паганае, — сказаў Пятрусь.

— Куды ж нам ісці? — прамовіў я. Мой сябар развёў рукамі.

— Хто яго ведае. Направа пойдзеш — сумленне страціш, налева — гонар, проста — можаш не вярнуцца. Куды ні кінь, усюды клін.

Што скажаш? Моцна нас заклінавала. Тры дарогі, а не на адну не ступіш. Раней, дома, як было? Куды глянуў, туды і пайшоў. Раней… Быццам сто гадоў мінула. Па якой жа дарозе пайсці? Направа? Не. Калі сумленне страціш, то ні за якія грошы не купіш.

Прыйшло на памяць, як расказваў бацька пра цётку Вольку, якая жыла ў нашай вёсцы. У яе два сыны і муж з вайны не вярнуліся. Згінулі, нібы ў пекле. Нават вестачкі ад іх не атрымала. Усе вочы праплакала, чакаючы. І вось прыйшлі ў вёску дзве незнаёмыя жанчыны, адразу да яе накіраваліся. Яна з імі сваёю бядою падзялілася. «Муж твой загінуў,— сказалі яны. — А сынкі жывыя. Варажбіткі мы. Ведаем. Калі пройдзеш праз чатыры масты, то абавязкова вернуцца». Паверыла цётка Волька, выправілася ў дарогу, іх у хаце пакінуўшы. Сказалі, што будуць чакаць тут, каб разам яе сыночкаў сустрэць, каб разам парадавацца. Нялёгка знайсці ў ваколіцы аж чатыры масты. Усё ж знайшла цётка Волька, праз усе прайшла. Вярнулася дамоў — няма дарагіх госцейкаў. З куфра ўсё да ніткі выграблі, нібы мышы галодныя.

Ні разу не бачыў я цётку Вольку, бо памерла незадоўга пасля таго, а ўсё роўна, бы жывая, стаіць перад вачыма. Чамусьці маленькая, згорбленая, бездапаможная.

Не, няма як ісці направа. Налева? Гонар страціць? Без гонару чалавек не чалавек.

— Давай проста, — прапанаваў я Петрусю. — Тут напісана, што можаш не вярнуцца. Але ж можаш і вярнуцца. Паспрабуем?

Пятрусь усміхнуўся.

— Мы не пойдзем уперад. Пойдзем назад. Так, можна назад. Як я сам не здагадаўся? Нам жа ўсё роўна, куды ісці. Абы да людзей. З людзьмі не страшна. Яны дапамогуць, скажуць, дзе мы знаходзімся. Калі сапраўды ў казцы, то нешта параяць. Не адзін Мірон Казіміравіч разумнік.