Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 102
Алексей Николаевич Якимович
— Што так бумкае? — не стрываў я.
— Гадзіннікі адлічваюць час, — прагаварыў Ландыш.
Гадзіннікі… Колькі ж разоў яны бумкнулі? Не запомніў. Час адлічваюць. Магчыма, людзі на работу спяшаюцца. Магчыма, сябры ў школу. А нам з Петрусём не трэба спяшацца.
— Вы і каля Мірона Казіміравіча корміцеся? — пацікавіўся ў Ландыша Пятрусь.
— А як жа! Вершыкі пра родную мову вучыў… Ха-ха-ха… Хіба мова пракорміць? Мірон Казіміравіч, канешне, пракорміць, а мова не. З грамаці хлеба не гамаці.
— Цяжка з вамі. Душна, — прамовіў Пятрусь.
— Цяжка? Я вам смяшыначку раскажу. Вы любіце смяшыначкі. Слухайце і на вус матайце. Настаўнік, выклікаўшы ў школу бацьку, выгаворвае: «Сёння ў вашага сына я цыгарэты знайшоў». — «Якія?» — пытаецца бацька. «Прыму», — кажа настаўнік. «Вось я яму ўсыплю, — узлаваўся бацька. — Ён жа сваю «Астру» пакінуў, а маю «Прыму» сабе забраў».
— Э-эх! — уздыхнуў Пятрусь. Ландыш зірнуў на яго.
— Не смешна? Сваю «Астру» пакінуў… Хі-хі-хі… Бацькаву «Прыму» забраў. Хі-хі-хі…
— Тут няма сме-ху, — па складах прамовіў Пятрусь.
Ландыш скрывіўся.
— Я тром начальнікам гэтую смяшыначку расказваў. Яны яе ў спецыяльныя кніжачкі запісалі. А вы… Вам самы тоўсты слон на вуха наступіў.
— Пры чым тут слон? — сказаў Пятрусь. Ландыш усхапіўся з крэсла.
— Тс-с-с…
Недзе за сцяною, пачуў я, нешта грукнула.
За сцяною зноў грукнула, і адчыніліся дзверы. У скляпенне зайшоў Мірон Казіміравіч. Пад пахай ён трымаў поліэтыленавы мяшок, у якім быў жоўты парашок.
— Вітаю. Усіх вас вітаю, — прагаварыў Мірон Казіміравіч.
— Я смяшыначкі хлопчыкам расказваў,— паведаміў Ландыш.
— Смяяліся?
— Не. Ім самы тоўсты слон на вуха наступіў.
— Нядобра. — Мірон Казіміравіч сеў на крэсла.
— Кхе, — моцна кашлянуў Пятрусь.
Я зірнуў на яго. Чаму кашляе? Хіба прастудзіўся? Вачыма на дзверы паказвае. Нават міргнуў непрыкметна. Зразумела чаму. Знак падае. Маўляў, дзверы адчыненыя, можна выскачыць.
Я прыўстаў. Ды дзверы, як па камандзе, зачыніліся. Куды ні глянь, белыя сцены, на якіх чорныя гадзіннікі.
Як жа ўцячы? Недзе ёсць кнопка. Нездарма дзверы зачыніліся як па камандзе. Вось каб знайсці яе!
— Хлопчыкі, страшна вам? — запытаў Мірон Казіміравіч.
Здалося, што каля самага вуха варона каркнула. Я ўціснуўся ў крэсла.
— Страшна, — зноў сказаў Мірон Казіміравіч. — Моцна я вас напалохаў. Што ж, па-іншаму не выходзіла.
— Яны абалванелі,— прахрыпеў Ландыш. Бач, што кажа! Сам анямеў бы, каб прывалаклі гэтак, як нас. Смяшыначкі расказвае. Калісьці на школьнай дошцы пісаў слова «Айчына». Дый цяпер напіша, калі якому-небудзь начальніку будзе даспадобы. І верш пра родную мову раскажа.
— Што вы з намі зробіце? — прамовіў Пятрусь.
— Хочаш, каб шакаладнымі цукеркамі накармілі і адпусцілі? — усхапіўся Ландыш.
— Каб было можна, то я вас цэлы год аднымі шакаладнымі цукеркамі карміў бы. Шакаладныя цукеркі на першае, на другое і на трэцяе, — не сцярпеў Пятрусь.
Ландыш зыркнуў на яго вачыма.
— Яшчэ агрызаецца.
— Ну, ну! Не сварыцеся, — прагаварыў Мірон Казіміравіч.
— Што вы з намі зробіце? — паўтарыў Пятрусь.