Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 12
Алексей Николаевич Якимович
Некалькі крокаў засталося да крыжака. Пабліскваюць шары з вострымі шыпамі.
— Ну! Ну! — прамовіў Янка, падаўшыся ўперад.
Рыцар з паўлінавым пяром нечакана павярнуўся і секануў мячом. Алекса пахіснуўся, стаў паволі спаўзаць з каня. Конь кінуўся ўбок. А ён, яшчэ трымаючыся, падае, спаўзае, усё ніжэй, ніжэй…
— Дзядзечка Алекса! Дзядзечка Алекса! — заенчыў Мацей.
І Янка даў волю слязам.
— Дзядзька Алекса, чаму ты так неасцярожна? Не падай…
— Ха-ха-ха… — зарагатаў крыжак са шрамам.
Грамада нашых вояў — уперадзе Ясь і бацька — маланкаю на крыжакоў. Рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукою-пальчаткаю. Крыжакі, якім пашчасціла вылезці з балота, на ўсе жылы да лесу, пакідаючы пешых. Тыя чыкільгалі, лямантуючы, а яны навыперадкі.
— Дай ім, татка! Дай! — крыкнуў Мацей.
— Дай, — паўтарыў за ім Янка.
Бацька дагнаў вусатага, з разгону — дзідай. Вусаты снопам упаў на зямлю. Другога дагнаў Ясь, пачаставаў мячом. Пешыя крыжакі падалі, нібы ссечаныя галоўкі капусты. Ніводзін не абараняўся.
— Так вам. Так, — радаваўся Мацей.
— Так, так, — паўтараў Янка.
А воі-мужчыны імчаліся за коннымі. Рыцар з паўлінавым пяром неспадзявана стаў, узняўшы каня на дыбкі. Ягоныя жываглоты несліся да лесу, а ён стаяў адзін на лузе.
— О-о-о, Зігфрыд! — прамовіў крыжак са шрамам.
«Яго зваць Зігфрыд, — скумекаў Янка. — Ён самы галоўны ў іх і, відавочна, самы смелы. Што, калі бацьку пачастуе так, як Алексу? Хітры, кідаецца, што гадзюка. І з балота ці не самы першы вылез, не ўтапіўся».
— Стойце, — гукнуў Зігфрыд, звяртаючыся да нашых вояў.— У нас вашы дзеці. Яны заложнікі. Знішчым. Я загадаў.
Нашы воі сталі.
— Дзе дзеці? — крыкнуў бацька. Рыцар у адказ:
— Не скажу. Назад.
— Дзе дзеці? — зноў крыкнуў бацька.
— Назад. Інакш…
Спярша Ясь, а пасля і бацька павярнулі коней назад. Зігфрыд, азіраючыся, стаў даганяць сваіх. Яны ўжо пад'язджалі да лесу.
Не думаў Янка, што яны з Мацеем застануцца жывыя. Зграяй наляцелі на іх крыжакі. Асабліва гэты, са шрамам, стараўся.
— Пан Зігфрыд, я закалю іх!
Зігфрыд скінуў шлем. Галава лысая, што бубен. На лысіне хоць боб малаці. Па твары пот ручаямі цячэ. Увесь у гразі. Страшна глядзець. І іншыя не прыгажэйшыя. Наставілі зіркачы.
— Я закалю іх! — крыжак са шрамам выхапіў мізерыкордзію — востры кароткі нож.
Янка ўспомніў: такі нож ёсць у Яся. Казаў Ясь, што ім рыцары дабіваюць параненых. «Няўжо і нас?» — падумалася.
Крыжак са шрамам узмахнуў мізерыкордзіяй, скрывіў ва ўсмешцы вусны.
— Дзядзечка, не трэба, — пралепятаў Мацей.
— Дзядзечка? — вылупіў бельмы крыжак. Янка, хоць і ў самога каленкі трэсліся, ступіў наперад, затуляючы Мацея. Помніў: старэйшы брат як другі бацька.
— Дзядзечка…
— Дзядзечка?..
Янка (неяк само сабою ў яго вырвалася) чужым драўляным голасам прагаварыў:
— Мой татка прыйдзе і даб'е вас. Крыважэрац правёў рабром далоні па горле.
— Мы твайго татку вось так. Як і цябе.
— Хопіць, — прагугнявіў Зігфрыд. — Заложнікі яны.
Крыжак са шрамам ашчэрыўся.
— Закалю!
І іншыя загудзелі, нібы патрывожаныя пчолы ў дупле. Штосьці лапочуць, бельмы вылупіўшы.