Читать «Эсэ» онлайн - страница 87

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І каб наадварот здарылася — таксама быў бы лёс. І ў абодвух выпадках памяць падсоўвала б тысячы фактаў з жыцця, якія б неабвержна сведчылі, што павінна было здарыцца якраз так, а не іначай.

Дзядзька мой быў досыць буйным дзеячам асветы на непісьменнай тады Камчатцы, і таму дом наш быў повен, між іншым, малюнкаў, фатаграфій, кніг аб ёй, паробкаў з маржовай косці. Каб мяне занесла туды (а хацеў!) — усё гэта таксама было б наканаванне, лёс, прароцтва аб будучым. Памяць на такія рэчы паслужлівая.

І тая самая памяць падсоўвае паслужліва сотні сведчанняў аб тым, што лёс мой павінен быў пайсці іншай сцяжынай. Нібы сотні ўражанняў, сустрэч, выпадкаў штурхалі мяне якраз туды, на Украіну.

На Украіну.

…А можа, і сапраўды лёс? Як ні хочаце, а ёсць тысячы дробных здарэнняў, якія, спалучаючыся, бяруць вас за руку і ўладна вядуць у той бок, у які вы на хвіліну перад гэтым і не думалі ісці.

Дзедаў дом у Рагачове і бацькаў у Оршы (апошні, не той, дзе я нарадзіўся, а той, што згарэў у вайну) былі ля Дняпра. Агульнага — рускага, беларускага і ўкраінскага. Нашага. Бацькаў дык увогуле стаяў над самай стромай, аддзелены ад ракі садам і стогадовымі ялінамі. І вада маёй ракі сплывала і сплывала туды, на Украіну, разам з нашымі песнямі. А адтуль плылі іхнія песні. Трапляліся і рэчы адтуль. Памятаю, напрыклад, у дзедавай хаце доўгі вышываны ручнік. На адным канцы ягоным казачка праводзіла казака ў паход і быў надпіс, якога я не помню. І чаканне яе было бясконцае, як той ручнік, бо на другім канцы той самы казак вяртаўся ўжо стары і быў вышыты надпіс: "А оце мій Грицю іде". Дзіва, але ручнік гэты перажыў і дзеда і вайну, толькі вышыванне выцвіла і надпісы ўжо амаль не чыталіся.

І яшчэ ў кніжных шафах бацькоў і дзеда, акрамя мноства кніг беларускіх, рускіх, польскіх і французскіх (збольшага, відаць, "раманаў" не з лепшых, бо і адкуль было трапіць лепшым у беларускую глуш?), шмат было і ўкраінскіх кніг, пераважна дарэвалюцыйных. Дзед, які іранізаваў з усяго, у тым ліку і са свайго паходжання, купляў аднак усе беларускія і ўкраінскія кнігі, якія толькі траплялі да рук. Купляў з прынцыпу, нават калі на працягу многіх старонак у кнізе толькі і рабілася, што плакала нейкая небарака Катруся.

Таму Шаўчэнку і Лесю Украінку (многае на памяць) ведаю яшчэ з самых малых год. А ўжо студэнтам, чытаючы, напрыклад, "Чорну раду", "Народні аповідання Марка Вовчка" або "Захара Беркута", я пераконваўся, што ўсё гэта чытаў раней, не памятаючы, вядома, аўтараў. Чытанне, як бачыце, не адпавядала ўзросту, але не прынесла, па-мойму, ніякай шкоды, бо сапраўдныя пісьменнікі ніколі не пісалі такіх "дарослых" кніг, якія сорамна было б даць дзіцяці.

Так званы "лёс" заўсёды вяршыцца праз сустрэчу і іначай не можа. З многіх сустрэч адна становіцца самай вагомай, і выпадковасць ператвараецца ў заканамернасць, і вось ёсць два чалавекі і ёсць ты, трэці, і ёсць месца, дзе суджана было табе нарадзіцца і якое робіцца самым значным і вялікім, што дадзена табе ў жыцці.