Читать «Эсэ» онлайн - страница 89

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Хто хоча ведаць, як там, у Кіеве, калі яшчэ ішла вайна, нараджаўся чалавек і як ён толькі дзівам не загінуў на парозе нараджэння, хай прачытае маю аповесць "Лісце каштанаў". Гэта адна з нешматлікіх маіх рэчаў, якія на дзевяноста пяць працэнтаў — праўда, да дробных рэалій, якія могуць засведчыць усе кіяўляне, што былі ў той час у горадзе.

Праўда аж да шыльдаў, аж да закладзенага цяпер пад'езда, аж да аднавокага бандурыста, аж да двара дамоў нумар 48–50 па вуліцы Леніна, дзе жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці наша мушкецёрскае войска, аж да таго, што я мог там памерці… Ну так, некалькі разоў мог. Адзін ці два разы ў вайну. А яшчэ раз студэнтам, калі мяне напярэдадні стыпендыі высадзілі з трамвая, а той пайшоў па схіле ўніз і разбіўся. Некалькі вось такіх дзіўных выхадак лёсу, пасля кожнай з якіх я мог зрабіцца ўкраінскай зямлёй, як калі-небудзь — аднаго хачу — зрабіцца зямлёй беларускай.

Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна.

Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш усярэдзіне яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), літаратуру аб паўстанні 1863–1864 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М. С. Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных вывадаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г. В. Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне бяруць верх над прадузятай думкай.

І такіх адкрыццяў было шмат. На жаль, я працаваў без усякай сістэмы, не выпісваў часам імя вучонага, назвы твора, адкуль дакумент і г. д., так што цяпер часам і не помню, адкуль браў тое ці іншае. Нічога, для літаратуры гэта не так важна — спасылка на крыніцу. Пасля яе знойдзе гісторык-архівіст, пацвердзіць, што напісанае недзе дакументальна абгрунтавана, што ты не адступіў ад праўды.