Читать «Эсэ» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Эсэ

Saxifraga

Некалькі год назад у нашай кінагрупе, што здымала ў Крыме мой фільм, выдаўся вольны дзень. Я выпрасіў на той дзень у нашага дырэктара аднаго з чатырохногіх артыстаў — а менавіта асла — і накіраваўся на ім у горы, на Яйлу. Хацеў бы я, вядома, сказаць, што выклянчыў не асла, а каня. Гэта было б куды больш рамантычна: вылазка на кані ў горы. Але праўда ёсць праўда — сябрам маім быў не скакун з сімферопальскай плембазы, а звычайны, буравата-мышасты і даўгавухі, баечны герой.

Я адчуваў сябе не вельмі здаровым, кепска спаў і пабойваўся, што мае жылы не вытрымаюць падарожжа на сваіх дваіх. Але я не мог і ўявіць, наколькі горшае будзе падарожжа на маім "таварышы і верным слузе" з яго ўпартасцю і калатлівым трушком.

Спачатку паабапал сцежкі цягнуліся карлікавыя лаўры, пасля вінаграднікі і шэрыя, заімшэлыя пліты таўрскіх магіл. Пасля пайшлі дубы. А потым зніклі і яны і пачалося царства каменю і травы, а найболей голага каменю.

Зранку з Яйлы спаўзлі, нібы снег, лавіны аблокаў, але пасля, відаць, вецер сагнаў іх, і яна адкрылася, урэшце, з усімі сваімі роўнядзямі, праваламі і морам, што, наўскос перакуленае, ляжала перада мной: далягляд на ўзроўні вачэй, а пад нагамі — кроў ледзянее — бездань.

Я глядзеў на ўсё гэта, на пульхныя падушкі нейкіх раслін і амаль пакутліва ўспамінаў — а што такое знаёмае нагадвае мне ўсё гэта?

I раптам успомніў.

Вось і ўлюбёных паэтамі лаўраў I пышных магнолій не ўбачыш, . Толькі зямлячак бялюткіх сустрэнеш, бярозак… . Потым не стала іх. . Суха, нідзе ані былкі, усё задушыла каменне, Нібы давеку турма. . Душна… ні кроплі вады… гэта ўсё нібы шлях у Нірвану, Смерці ўсеўладнай краіну…

Успамінаючы ўсё гэта па радку, па слоўцу і, вядома, па-ўкраінску, я зразумеў, чаму такі мне знаёмы гэты краявід, што гэта за расліны, нават успомніў, што калісьці бачыў у Масандры іхняе пышнае цвіценне пад ліванскімі кедрамі.

Кветка вялікая, гожая, свежасць пялёсткаў раскрыла, Кроплі расы самацветамі ззялі на дне. Камень прабіла яна, той камень, што ўсё перамог, Што задушыў і магутнасць дубоў, I цярноў непакорнасць. Гэтую кветку вучоныя людзі завуць saxifraga. Нам, паэтам, гадзіцца яе называць — ламікамень I шанаваць яе болей за пышныя лаўры.

I вось тут, на Яйле, над безданню і бязмежным морам, калі я згадаў гэтыя радкі, пазнаў усё, што вакол, — паўстаў у маёй душы той даўно ўсімі забыты дзень, калі рвала на валынскіх палетках валошкі шэравокая русявая дзяўчынка, будучая вялікая паэтэса, будучы гонар Украіны.

…Сто гадоў назад, 25 лютага 1871 года. Маці — украінская пісьменніца Алена Пчылка, з Драгаманавых. Бацька, Пятро Касач, галава з'езду міравых пасрэднікаў у Наваград-Валынскім. Матка выпеставала здольнасць і ўкраінскае сэрца. Бацька даў не толькі вонкавыя рысы, але і дабрыню бязмежную, цярплівасць, паблажлівую лагоднасць, сілу волі, бескарыслівае сумленне, крайнюю прыстойнасць, здольнасць хутчэй моўчкі пакутаваць самому, чым прыносіць пакуты іншым, і велічэзную павагу да годнасці чалавечай, хай бы сабе гэта была і годнасць малога дзіцяці.